Белорусский портал в Казахстане

Частка затрыманых падчас учарашняй акцыі абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве



Падчас акцыі маўклівага пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" 22 чэрвеня па ўсёй Беларусі было затрымана больш як 460 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.

Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, большасць затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў. Астатнія абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве на падставе артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Колькасць абвінавачваных пакуль невядомая. Праваабаронцы працягваюць збіраць звесткі.

Як зазначыў Стэфановіч, сярод затрыманых ёсць супрацоўнік пасольства Швецыі ў Беларусі, аднак у шведскім дыппрадстаўніцтве БелаПАН адмовілі ў каментарыі наконт гэтага.

У МУС і ГУУС Мінгарвыканкама ўчарашнія падзеі таксама не каментуюць.

Учарашняя акцыя маўклівага пратэсту, як і папярэднія, што прайшлі 8 і 15 чэрвеня, была ініцыяваная групай актывістаў сацыяльных сетак.

Тысячы людзей па ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны. Акцыя мірнага маўклівага пратэсту прайшла не толькі ў Мінску і абласных цэнтрах, але і малых гарадах — такіх, як Нясвіж, Старыя Дарогі, Быхаў, Глыбокае, Ганцавічы і іншых.
У Мінску, паводле розных ацэнак, удзельнікамі акцыі сталі некалькі тысяч чалавек.

Затрыманні зафіксаваны ў Барысаве, Маладзечне, Вілейцы, Віцебску, Жодзіне, Слуцку, Брэсце, Гродне, Мазыры, Ваўкавыску, Салігорску, Калінкавічах.

14 чэрвеня Генпракуратура заклікала грамадзян "не паддавацца на правакацыйныя заклікі і ўстрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях", папярэдзіўшы аб магчымай адказнасці.

Аналагічнае папярэджанне з`явілася на сайце ГУУС Мінгарвыканкама раніцай 22 чэрвеня. У ім, у прыватнасці, гаварылася: з прававога пункту гледжання вынікі віртуальных заклікаў арганізатараў "сацыяльных рэвалюцый" — рэальнае, прамое парушэнне заканадаўства. "Арганізатары заклікаюць маўчаць або мычаць, тупаць або апладзіраваць — заканадаўству важны, у першую чаргу, сам факт арганізацыі такіх мерапрыемстваў", — адзначалася ў паведамленні ГУУС.

Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня заявіў, што не дапусціць несанкцыянаваных акцый у цэнтры Мінска.

БелаПАН
Мінск, 23 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1049/7443
Текущая дата: 31.12.2024