Белорусский портал в Казахстане

Ялавічына падаражэе на 10%, свініна — на 8%



У маі-чэрвені павелічэнне максімальных адпускных цэн на ялавічыну патушную плануецца Мінэканомікі на 10%, а на свініну патушную — на 8%. Такія лічбы прадугледжаны Пастановай № 65 Міністэрства эканомікі ад 27 красавіка 2011 года, якая пачала дзейнічаць з сённяшняга дня.

Як патлумачылі ў Мінэканомікі, такое павелічэнне максімальных адпускных цэн зроблена па прапанове Мінсельгасхарча і звязана са значным ростам закупачных цэн на буйную рагатую жывёлу і свіней.

Акрамя мяса, гэтай пастановай таксама прадугледжана захаванне рэгулявання і ўсталяванне гранічных максімальных адпускных цэн і на іншыя сацыяльна значныя прадукты харчавання — хлеб жытні і жытне-пшанічны, батоны і хлябцы з пшанічнай мукі няздобныя развесам 300 грамаў і болей, малако каровіна пастэрызаванае і кефір з каровінага малака тлустасцю да 3,5% уключна, смятану тлустасцю да 25% уключна, тварог тлустасцю да 9% уключна без смакавых дабавак і напаўняльнікаў. Як адзначаюць у Мінэканомікі, гранічныя максімальныя цэны на гэтыя віды тавараў захаваныя на цяперашнім узроўні.

Што тычыцца рознічных цэн па некаторых групах малочных прадуктаў (накшталт тварагу ў герметычнай упакоўцы, тварагу зярнёнага і камбінаванага з іншымі харчовымі прадуктамі, малака і кефіру ў бутэльках з поліэтылентэрэфталата, смятаны ў пластыкавых кубачках), то іх рэгуляванне захоўваецца праз усталяванне максімальных гандлёвых надбавак (з улікам аптовай надбаўкі), затое фарміраваць адпускныя цэны на такія тавары арганізацыі-вытворцы будуць з улікам кан`юнктуры рынку.

Фарміраваць цэны, зыходзячы з кан`юнктуры рынку, будуць і прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці на асобныя пазіцыі хлебабулачных і малочных тавараў, якія маюць абмежаванае кола спажыўцоў і не нясуць сацыяльнай накіраванасці. Сюды, у прыватнасці, адносяцца хлябы заварныя з выкарыстаннем дадатковай сыравіны замежнага паходжання, хлеб для тостаў, булачныя вырабы з начынкамі і развесам менш за 300 грамаў, асновы для піцы, лавашы і праснакі, дыетычныя і ўзбагачаныя хлебабулачныя вырабы, хлебабулачныя вырабы для спартсменаў, малочныя прадукты не з каровінага малака, а таксама малочныя прадукты з рознымі смакавымі дабаўкамі і напаўняльнікамі.

Павел Бераснеў
Звязда, 25 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1050/6712
Текущая дата: 14.11.2024