Белорусский портал в Казахстане

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: Над беларусамі ізноў вісіць чорная хмара страху



"Беларускі народ усё яшчэ жыве ў ценю Чарнобыля", над беларусамі "ізноў вісіць чорная хмара страху", адзначаецца ў адкрытым лісце, з якім звярнулася да суайчыннікаў старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла з нагоды Вялікадня і 25-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС.

"На жаль, — піша Сурвіла, — сённяшнія ўлады Беларусі не толькі не апякуюцца сваім народам, які пацярпеў ад страшных радыенуклідаў, але і хочуць будаваць на беларускай зямлі новую АЭС, забараняюць людзям нават прайсці "Чарнобыльскі шлях" у памяць загінулых ад чарнобыльскай радыяцыі".

Старшыня Рады БНР звяртае асаблівую ўвагу на "нянавісць, якая праяўляецца ў Беларусі супраць новага пакалення змагароў і актыўнай моладзі". Адзначаючы, што над беларусамі "ізноў вісіць чорная хмара страху", яна прыводзіць словы папы Яна Паўла II да польскага народа ў цяжкія часы яго гісторыі: "Не бойцеся!"

Сурвіла заклікае беларусаў "паслухаць тых, хто ў турме меў час перадумаць падзеі апошніх 17 гадоў дыктатуры". "Яны вераць ў вас. Паверце ім! Бо толькі ў адзінстве народ зможа вызваліцца з няволі. Прыйшоў час, калі нам трэба ачуняць, дарагія браты і сёстры беларусы, каб не загінуць!!!" — гаворыцца ў адкрытым лісце.

Марат Гаравы, БелаПАН
Мінск, 24 красавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1052/6101
Текущая дата: 21.09.2024