Белорусский портал в Казахстане

Сёння — Вербная нядзеля



Праваслаўныя і каталіцкія хрысціяне святкуюць сёння Вербную нядзелю. З гэтай нагоды ва ўсіх цэрквах Беларусі праходзяць асаблівыя службы, асвячаюцца галінкі вярбы.

Вербная нядзеля — апошняя нядзеля перад Перадвелікодным тыднем Вялікага паста — адзначаецца ў гонар уваходу Гасподня ў Іерусалім. Напярэдадні ў храмах асвячаюць вербы (яны замяняюць пальмавыя галіны), якімі сустракалі Ісуса Хрыста ў Іерусаліме.

Падчас ўсяночнай напярэдадні Вербнай нядзелі вернікі як бы сустракаюць нябачна ідучага Госпада і вітаюць яго як пераможца пекла і смерці, трымаючы ў руках галіны вярбы, кветкі і запаленыя свечкі.

На ютрані — другой частцы няспання — чытаецца асаблівая малітва на благаславенне "ваій" (пальмавых галінаў). Звычайна пасля гэтага галінкі вярбы акрапляюць святой вадой. У праваслаўных ёсць звычай захоўваць асвечаныя вербы на працягу ўсяго года, упрыгожваючы імі абразы.

Асаблівасцю Вербнай нядзелі з`яўляецца паслабленне паста: на працягу дня можна есці рыбу і ікру, піць віно — прадукты, забароненыя падчас Вялікага паста.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 17 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1055/5932
Текущая дата: 21.09.2024