Белорусский портал в Казахстане

Сяргей Чалы: "4 500 рублёў за долар — зусім вар`яцкія лічбы"



Сэнс таго, што сёння адбываецца на валютным рынку краіны, на думку незалежнага эксперта Сяргея Чалага, вельмі просты: валюта як любы тавар, — калі яна каштуе танней, чым павінна, то ўзнікае яе дэфіцыт, попыт сёння істотна перавышае прапанову.

Мяркуючы па ўсім, тыя, у каго ёсць валюта, па цяперашнім курсе не гатовыя з ёй развітацца. Гэта значыць, кошт тавару, у гэтым выпадку валюты, павінен вырасці настолькі, каб яе ўладальнікі гатовыя былі прадаваць цвёрдаканверсоўную за беларускія рублі.

— Усе суб`екты, якія так ці інакш не прыпынілі гаспадарчую дзейнасць (калі яны не ўваходзяць у вузкае кола пакупнікоў валюты на біржы), вымушаныя купляць зараз валюту на міжбанку ці іншых сегментах па курсе, які істотна адрозніваецца ад афіцыйнага, — кажа Сяргей Чалы. — Адпаведна гэта так ці інакш закладваецца ў сабекошт і прыводзіць да росту цэн на імпарт, а ў выніку — і на айчынную прадукцыю, у якой высокая доля імпарту. Па вялікім рахунку, можна казаць пра тое, што нежаданне вымаўляць слова "дэвальвацыя" прывяло да таго, што яна фактычна для насельніцтва і бізнэсу адбылася.

— Гаворачы пра множнасць курсаў, нехта з экспертаў выказвае ўпэўненасць, што ў хуткім часе гэтая з`ява знікне. Іншыя прытрымліваюцца думкі, што яна праіснуе не менш за год?


— У гэтым выпадку пытанне не эканамічнага рашэння, а фактычна палітычнага. У такім рэжыме можна існаваць дастаткова доўга — так наша эканоміка жыла, напрыклад, у 1997 годзе. Усё гэта было, мы гэта перажывалі. Можна нават паспрабаваць неяк перакрываць каналы куплі валюты, якія адрозніваюцца па цане ад афіцыйнага курса плюс 10 працэнтаў на міжбанку, паколькі ў каго ёсць валюта, той не гатовы развітвацца з ёй па згаданай цане. Можна з гэтым змагацца, але тады будзе расці доля "шэрага" сектару, больш будзе працы нашым кантралюючым органам. Сэнс у тым, што чым больш мы ўпіраемся, тым больш узнікае страт на невытворчыя затраты, і ў канчатковым выніку гэта не зусім правільна. І спрабаваць адміністратыўнымі захадамі намацаць, дзе мог бы быць раўнаважны курс, — гэта таксама не зусім правільная сітуацыя. Самае разумнае было б зняць абмежаванні на міжбанку і паглядзець, дзе гэты курс можа ўстанавіцца. Цалкам верагодна, што ён акажацца ніжэйшы, чым апакаліптычныя, экстрэмальныя лічбы ў 4 500 рублёў за долар, — гэта зусім вар`яцкія лічбы. Я мяркую, што гэта будзе дзесьці 3 600-3 700 рублёў за долар, нават, можа, менш. І далей трэба думаць, што з лічбай, якая складваецца на рынку, рабіць: ці прызнаваць яе афіцыйнай? Так, безумоўна, крыху ўпадзе канчатковы попыт з-за таго, што вырастуць цэны, але затое хоць бы працаваць можна будзе. Бізнэс жа павінен неяк планаваць сваю дзейнасць, як мінімум на некалькі месяцаў наперад. А калі няма магчымасці пралічыць, якія будуць выдаткі, то ідзе прэмія за рызыкі магчымага змянення сітуацыі. І таму атрымліваецца, што негатыўныя наступствы, якія перакладваюцца на канчатковага спажыўца, яшчэ больш высокія, чым маглі б быць.

Мы зараз бачым у многіх напрамках аптовага рынку, нават рознічнага, згортванне актыўнасці. Гэта значыць, людзі за месяц-паўтара прададуць тавары са складоў. А далей што? У такой сітуацыі можна казаць, што ў канчатковым выніку гэта адаб`ецца на збіранні падаткаў, і мы атрымаем праблемы з бюджэтам.

— Разам з тым, шмат надзей ускладваецца на істотныя крэдыты, якія ў хуткім часе можа атрымаць рэспубліка, прыватызацыю?

— Калі нічога не зменіцца і пытанне будзе толькі ў атрыманні гэтых грошай, то мы стабілізуем сітуацыю на некалькі месяцаў. Але фокус у тым, што да таго часу, пакуль цана валюты заніжаная, то мы так ці інакш рэсурсы, якія атрымаем, праядзім. І зноў апынёмся ў цяперашняй сітуацыі, а магчыма, і горшай, таму што велічыня знешняга доўгу будзе вышэйшай. Гэта праблему не вырашае, а толькі адкладваюцца тыя неабходныя крокі, на якія ўсё роўна рашацца неабходна. У прынцыпе, у Нацыянальнага банка ёсць свая праўда, якая звязана з тым, што толькі дэвальвацыяй пытанне не вырашаецца. Гэта сапраўды так. Таму што крыніца дысбалансаў у знешнім сектары — гэта, у тым ліку, і ў чымсьці марнатраўная палітыка ўнутры краіны.

Ігар Шчучэнка
Звязда
7 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1058/5794
Текущая дата: 21.09.2024