Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі каля 10 тыс. чалавек атрымаюць матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі, яе ўжо пачалі выплачваць



Аб гэтым паведамляе прэс-служба Мінпрацы.

Матэрыяльная дапамога выплачваецца ў адпаведнасці з рашэннем кіраўніка дзяржавы штогод да Дня Перамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і людзям, якія пацярпелі ад яе наступстваў. «У параўнанні з 2022 годам памер матэрыяльнай дапамогі павялічаны для ўсіх атрымальнікаў. Выплата дапамогі працягнецца па 4 мая. На яе выплату з рэспубліканскага бюджэту будзе накіравана каля Br10 млн», — праінфармавалі ў Мінпрацы.

У гэтым годзе матдапамогу ў памеры Br2 тыс. атрымаюць інваліды і ўдзельнікі ВАВ, а таксама якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года. На такую ж суму могуць разлічваць і людзі, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.

Узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ў гады ВАВ, якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб’ектаў у межах тылавых межаў дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог атрымаюць па Br1,1 тыс. Такая ж матэрыяльная дапамога належыць і людзям, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаным медалём «За абарону Ленінграда», і людзям, узнагароджаным знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда».

Пацярпелыя ад наступстваў вайны атрымаюць па Br850. Столькі ж прадугледжана для членаў сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, загінуўшых (памерлых), зніклых без вестак у гады ВАВ, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, інвалідам з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў ваенны перыяд або з іх наступствамі.

Звязда, 26 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/106/69190
Текущая дата: 07.10.2024