Белорусский портал в Казахстане

Трое ўдзельнікаў акцыі ў Дзень Волі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі



Трое ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла ў Мінску 25 сакавіка з нагоды Дня Волі, пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на розны тэрмін. Слуханні трох адміністрацыйных спраў прайшлі сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска.

Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Ірына Губская прызнаная вінаватай у дробным хуліганстве (нецэнзурных выказваннях у грамадскім месцы) і асуджана на трое сутак арышту. Рашэнне прынята суддзёй Дзмітрыем Паўлючэнкам.

Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух" Віктар Івашкевіч асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Ён таксама прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве — нецэнзурных выказваннях у грамадскім месцы. Рашэнне прыняла суддзя Аксана Рэлява.

Намеснік старшыні міжнароднай грамадскай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Мікалай Дземідзенка прызнаны вінаватым вы ўчыненні правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання), і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прынята суддзёй Інай Лаўковай.

Дземідзенка і Івашкевіч былі заяўнікамі акцыі, якую прадстаўнікі дэмсіл планаваў правесці ў Мінску 25 сакавіка з нагоды Дня Волі. Акцыю ў заяўленым фармаце не дазволіў правесці Мінгарвыканкам. У выніку група актывістаў апазіцыі паспрабавала правесці несанкцыянаваную акцыю на плошчы Якуба Коласа, але яе ўдзельнікі затрыманыя.

Вечарам 25 сакавіка міліцыя затрымала больш за паўсотню чалавек, большасць з якіх былі адпушчаныя без складання пратаколаў.

У той дзень міліцыя таксама не дала прадстаўнікам дэмсіл ускласці кветкі да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы. Сквер быў ачэплены з-за паведамлення пра нібы выяўлены ў ім "падазроны прадмет з элементамі праводкі". У выніку прысутныя (каля 50 чалавек) вымушаныя былі пакласці кветкі на клумбу каля ўваходу.

Як паведамілі сёння ў ГУУС Мінгарвыканкама, у скверы быў знойдзены безгаспадарны пакет, у якім знаходзіліся нечыя асабістыя рэчы, якія не ўяўляюць небяспекі.

Каментуючы дзеянні ўлад, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў: "Перашкаджаючы святкаванню Дня Волі, улады паказваюць сваю слабасць. З аднаго боку, улада заяўляе, што яна моцная, з другога — звычайныя міліцыянеры вымушаны гаварыць, што месца, дзе мы планавалі ўскласці кветкі, замініравана. Гэта паказвае, што ва ўлады няма апоры".

Мінск, 28 сакавіка 2011
БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1061/5494
Текущая дата: 20.09.2024