Белорусский портал в Казахстане

Прыгавор Васілю Парфянкову пакінуты без зменаў



Судовая калегія Мінскага гарадскога суда 25 сакавіка не задаволіла касацыйную скаргу асуджанага па справе аб масавых беспарадках Васіля Парфянкова. Прыгавор пакінуты без зменаў, паведамілі праваабаронцы.

Справу разглядала калегія суддзяў: старшыня Назаранка пры ўдзеле Крата і Хоміча.

Асабіста Васіля Парфянкова на судзе не было. Яго інтарэсы прадстаўляў адвакат Ігар Папкоўскі. У сваім выступленні ён звяртаў увагу суда на тое, што высновы суддзі Вольгі Комар, якая вынесла прыгавор, няправільныя, паколькі ў справе яго падабароннага няма складу злачынства — удзел у масавых беспарадках. Адвакат папрасіў адмяніць прыгавор Парфянкову і спыніць крымінальны пераслед. Пры гэтым Папкоўскі таксама звярнуў увагу, што ў прыгаворы фігуруе "знішчэнне маёмасці", але нават грамадзянскі ісцец казаў пра "пашкоджанне маёмасці", з чаго вынікае, што няма складу ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Пракурор Загародскі не пагадзіўся з высновамі скаргі і сцвярджаў, што віна цалкам даказаная матэрыяламі справы.

Як паведаміў БелаПАН адвакат Папкоўскі, ён будзе падаваць касацыйную скаргу на рашэнне калегіі суддзяў на імя старшыні Мінскага гарадскога суда.

Актывіст штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева 27-гадовы Васіль Парфянкоў быў затрыманы 4 студзеня ў якасці падазронага ў масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску. 17 лютага Парфянкоў прызнаны судом Фрунзенскага раёна Мінска вінаватым у злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Апрача таго, ён павінен выплаціць больш як 14 млн. рублёў за разбітыя дзверы ў Доме ўрада падчас несанкцыянаванай акцыі апазіцыі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 25 сакавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1062/5419
Текущая дата: 20.09.2024