Белорусский портал в Казахстане

Цэны на большасць тавараў у Беларусі сталі свабоднымі



Цэны на большасць тавараў у краіне сталі свабоднымі. 1 сакавіка ўвайшоў у сілу ўказ прэзідэнта № 72 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь" ад 25 лютага.

Дзяржава з гэтага часу будзе рэгуляваць толькі цэны і тарыфы на тавары (паслугі), якія маюць "найбольш важнае значэнне для арганізацыі эканамічнай бяспекі краіны, а таксама на прадукцыю арганізацый-манапалістаў і сацыяльна важныя тавары (паслугі)", зазначаецца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

У іх ліку — малако, хлеб, мяса, нафтапрадукты, камунальныя, рыэлтарскія, натарыяльныя, адукацыйныя і некаторыя медыцынскія паслугі, шэраг іншых тавараў і паслуг.

Цэны на тавары (работы, паслугі), якія не ўвайшлі ў пералік тых, што рэгулююцца, суб`екты прадпрымальніцкай дзейнасці могуць фарміраваць самастойна з улікам кан`юнктуры рынку.

23 лютага прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў парламенце, паабяцаў: "Якога-небудзь абвальнага росту цэн у Беларусі не плануецца і не будзе". "Нічога дрэннага не будзе, няма зусім ніякіх перадумоў, каб штосьці абвалілася, здарылася ці ўзляцела кудысьці. У нас дастаткова стабільная эканоміка, эканоміка на ўздыме", — заявіў ён.

На думку Мясніковіча, сёння ў грамадстве занадта шмат увагі надаецца пытанню павышэння цэн. "Вядома, гэта закранае ўсіх і кожнага, але гэта не нейкая мэта ўрада накручваць цэны — гэта жывая эканоміка", — растлумачыў ён.

Незалежныя эксперты разглядаюць указ як прагрэсіўны крок на шляху лібералізацыі эканомікі, але пры гэтым зазначаюць, што ён спазніўся гадоў на 15.

"Указ будзе эфектыўна працаваць толькі ў тым выпадку, калі дзяржава здолее стварыць умовы для рэальнай канкурэнцыі", — упэўнены кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

"І размова не толькі пра абмежаванні ў дачыненні да манапалістаў. Вялікай праблемай з`яўляецца абцяжараны ўваход на рынак для невялікіх прадпрыемстваў. Яна параджаецца існымі ў краіне бюракратычнымі цяжкасцямі і асабліва нефармальнымі абмежаваннямі і забаронамі. Таму калі дзяржава сапраўды імкнецца стварыць эфектыўную рынкавую эканоміку, а не дзяржаўны капіталізм у самых горшых яго формах, то яна павінна абмежаваць магчымасці чыноўнікаў умешвацца ў справы суб`ектаў гаспадарання", — заявіў БелаПАН эксперт.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 сакавіка 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1069/4785
Текущая дата: 20.09.2024