Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Спасылкі кіраўнікоў арганізацый на адсутнасць сродкаў з гэтага часу будуць расцэньвацца як сігнал прафнепрыдатнасці



З сённяшняга дня спасылкі ўрада і кіраўнікоў арганізацый на адсутнасць сродкаў будуць расцэньвацца "як сігнал аб прафесійнай непрыгоднасці". Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 лютага на нарадзе з новым складам урада.

На яго думку, "для паспяховай інвестыцыйнай дзейнасці створаны ўсе заканадаўчыя ўмовы і прадастаўлены дзяржаўныя прэферэнцыі". "Прыняты тры спецыяльныя дэкрэты прэзідэнта. Створана агенцтва для працы з замежнымі інвестарамі, уведзены інстытут інвестыцыйных агентаў", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2011 годзе "ўдзельную вагу замежных крыніцаў у інвестыцыях у асноўны капітал неабходна забяспечыць на ўзроўні не менш як 21%".

Пры гэтым ён запатрабаваў ад урада "не зацыклівацца на прыватызацыі і не разумець прамыя замежныя інвестыцыі выключна як продаж дзяржаўнай уласнасці".

"У краіне шмат тэрыторый, якія не выкарыстоўваюцца, кваліфікаванай працоўнай сілы, магчымасцяў для будаўніцтва прадпрыемстваў з чыстага ліста. Не чакайце, пакуль да вас прыйдзе інвестар, а вы, як на кірмашы, будзеце толькі выбіраць прапанаваныя ім праекты. Беларусь — індустрыяльна і аграрна развітая дзяржава. Таму асноўныя кірункі інвеставання мы павінны вызначаць самі", — сказаў Лукашэнка.

З урада і Міністэрства замежных спраў, паводле яго слоў, не здымаецца рашэнне "маштабнай задачы па пашырэнні беларускай прысутнасці на сусветным рынку".

"Так, сёння ў нас ёсць добрыя, але, на жаль, нешматлікія прыклады асваення новых рынкаў. Па-сапраўднаму магутнае ўзаемадзеянне склалася з Венесуэлай і Кітаем, аднак гэтага мала. Мы ж распаўсюдзілі сваю дыпламатычную прысутнасць на большую палову свету. Цяпер трэба замацоўвацца і ў эканамічнай сферы, знаходзіць новыя рынкі для нашай прадукцыі", — заявіў Лукашэнка.

БелаПАН
Мінск, 25 лютага 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1071/4683
Текущая дата: 20.09.2024