Белорусский портал в Казахстане

Андрэю Саннікаву выстаўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў



25 сакавіка ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама выставіла абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК) экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Андрэю Саннікаву, які ўтрымліваецца пад вартай у следчым ізалятары КДБ. Пра гэта паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС.

Палітык абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці, і ўзброеным супраціўленні прадстаўнікам улады.

На думку следства, віна Андрэя Саннікава ў інкрымінаваных дзеяннях поўнасцю даказана атрыманымі падчас расследавання крымінальнай справы доказамі.

Мяркуючы па гэтай інфармацыі, следства ў дачыненні да Саннікава рухаецца да завяршэння. Яму будзе дадзена права азнаёміцца з матэрыяламі расследавання, затым справа будзе накіравана ў пракуратуру Мінска для вывучэння і вызначэння падсуднасці.

МУС таксама паведамляе, што найбліжэйшым часам плануецца выставіць удакладненае і канкрэтызаванае абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК , "актыўным удзельнікам масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года Ярамёнку В.Н., Васілевічу І.Л., Гнедчыку А.А. і Мірзаянаву Ф.Р., у дачыненні да якіх следствам атрыманы не менш пераканаўчыя доказы іх віны".

Нагадаем, 18 сакавіка абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў было выстаўлена яшчэ двум экс-кандыдатам у прэзідэнты — Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу.

"На думку следства, падчас расследавання крымінальнай справы былі атрыманы неабвержныя доказы, у тым ліку паказанні сведак і іншых абвінавачваных, фота- і відэаматэрыялы, якія сведчаць пра ўдзел фігурантаў у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года", — паведамляла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

У адрозненне ад Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча Дзмітрый Ус знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. 22 сакавіка ён накіраваў на імя пракурора Мінска Мікалая Куліка заяву, у якой абвінаваціў следства ў паклёпе.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 25 сакавіка 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1071/5418
Текущая дата: 14.11.2024