Дарагiя сэрцу куточкi ёсць у кожнага. З iмi звычайна звязаны твой лёс, увесь бясконцы ланцужок жыцця. Гэта вёска альбо горад, дзе ты нарадзiўся. Сябры, з кiм упершыню пазнаёмiўся ў двары таго дома, куды толькi што пераехалi твае бацькi.
…На памяцi гарады i людзi. Iх даволi шмат. Але чалавеку чамусьцi заўсёды ўзгадваюцца мясцiны яго дзяцiнства i юнацтва.
Усё ў iх, звычайных, правiнцыяльных на выгляд дварах, было сцiпла: драўляная альтанка, арэлi, пара столiкаў з лаўкамi i пясочнiца для самых маленькiх. Нiякага табе, як цяпер кажуць, ландшафтнага дызайну цi “стыльнага крэатыўнага афармлення”. Аднак менавiта там, у гэтых цiхiх старых дварах, пад ценем раскiдзiстых дрэваў панавала непаўторная душэўная атмасфера. Яна чымсьцi нагадвала жыццяпiс колiшнiх герояў фiльма Мiхаiла Казакова “Пакроўскiя вароты”. Падобнай простай шчырасцi чалавечых стасункаў нам якраз i нестае цяпер.
Але i ў сённяшняй вiрлiвай рэчаiснасцi адбываецца шмат чаго цiкавага. Кола дзён рушыцца наперад…
З кожным годам прыгажэе сталiца, малыя i вялiкiя беларускiя гарады кардынальна мяняюць свой iмiдж. Безумоўна, у лепшы бок.
Як паведамлялася раней, разам з Годам прадпрымальнасцi ў Беларусi па рашэннi старшынi Мiнгарвыканкама Мiкалая Ладуцькi 2011 год абвешчаны для Мiнска Годам парадку i ўладкавання гарадскiх тэрыторый. Такiм чынам, дадзеная тэма стане адной з галоўных для ўлад мегаполiса на бягучы год, зойме першыя радкi ў парадку дня.
Прынамсi, кожным раёнам горада распрацоўваюцца адпаведныя планы дзеянняў. Iх адмiнiстрацыi звярнулiся да працоўных калектываў прадпрыемстваў i грамадскiх арганiзацый з просьбай садзейнiчаць ва ўладкаваннi сталiчных тэрыторый.
Плануецца, што ў Мiнску сканцэнтруюць намаганнi на якасцi працы жыллёва-камунальнай гаспадаркi, абслугоўвання жыллёвага фонду, стварэннi камфортнага ўзроўню жыцця мiнчан, паляпшэннi архiтэктурнага аблiчча сталiцы.
Традыцыйна ў гэтай карыснай справе актыўны ўдзел бяруць гараджане, якiя звычайна дапамагаюць уладам у падтрыманнi парадку ў пад,ездах, набыццi сучаснага абсталявання для дзiцячых пляцовак, стварэннi малых архiтэктурных форм, азеляненнi двароў. Напрыклад, летась жыхары толькi трох раёнаў — Ленiнскага, Кастрычнiцкага i Першамайскага — унеслi на агульныя праекты больш як 50 мiльёнаў рублёў уласных сродкаў.
Як расказала “Р” начальнiк аддзела добраўпарадкавання, санiтарнага стану i працы з насельнiцтвам па месцы жыхарства ДА “Мiнская гарадская жыллёвая гаспадарка” Маргарыта Язiнская, у мiнулым годзе ЖРЭА раёнаў горада ўладкавалi 425 двароў, 117 новых дзiцячых пляцовак, 201 дадатковую стаянку для аўтатранспарту, а таксама 86 месцаў адпачынку. Паводле iнфармацыi Мiнгарвыканкама, на дадзеныя мэты з розных крынiц выдаткавана 26,8 мiльярда рублёў.
— Хутка красавiк, а значыць, надыдзе час для ажыццяўлення праграмы па комплексным добраўпарадкаваннi мiнскiх двароў, — працягвае Маргарыта Вiктараўна. — На бягучы год патрэбна адрамантаваць i прывесцi ў належны стан 600 дваровых тэрыторый — цяпер спецыялiсты ўдакладняюць iх адрасныя спiсы.
Паводле слоў Маргарыты Язiнскай, любая карысная справа альбо рэалiзацыя добрай iдэi пачынаецца з iнфармацыйнай работы, вывучэння грамадскай думкi, правядзення апытання грамадзян. Гэтым у блiжэйшы час i зоймуцца сталiчныя камунальшчыкi: усе праекты трэба абавязкова абмяркоўваць з насельнiцтвам. Па-першае, каб прыцягнуць iх патэнцыял да рэалiзацыi задуманага, па-другое, каб з дапамогай жыхароў сталiцы ўнесцi пэўныя карэкцiроўкi ў планы ўладкавання канкрэтных тэрыторый.
На думку спецыялiстаў, людзi павiнны не толькi выстаўляць свае патрабаваннi да адказных гарадскiх службаў, але i браць актыўны ўдзел у гэтай сацыяльна значнай справе. Агульнымi дзеяннямi можна дамагчыся большага.
Дарэчы кажучы, штогод мiнчане становяцца пераможцамi конкурсаў на самы лепшы двор, пад’езд цi балкон, а таксама на лепшую прыватную сядзiбу (вулiцу) у раёнах iндывiдуальнай забудовы.
Сёлета для мiнскiх камунальшчыкаў i адпаведных раённых структур узрасце не толькi аб’ём працы, але будуць прад’яўляцца самыя высокiя патрабаваннi да яе канчатковага вынiку.
У рамках эканомii рэсурсаў, падтрымання на добрым узроўнi экалагiчнай сiтуацыi ў мегаполiсе будзе працягвацца iнфармацыйная работа з насельнiцтвам па далейшым стварэннi сiстэмы асобнага кантэйнернага збору цвёрдых бытавых адходаў. У Мiнску таксама плануецца арганiзаваць 250 агароджаных пляцовак па зборы буйнагабарытных адходаў – для ўтылiзацыi старой мэблi, бытавой тэхнiкi i г.д.
Значнай праблемай вялiкага горада па-ранейшаму з’яўляецца стары аўтатранспарт, якога i цяпер яшчэ даволi шмат у нашых дварах. Гэтае пытанне патрабуе комплекснага падыходу ўсiх зацiкаўленых бакоў – уласнiкаў пакiнутых жалезных коней, гарадскiх службаў i ДАI.
Цiкавыя напрацоўкi ёсць у справе стварэння новых парковачных месцаў на дваровых тэтыторыях – метадам “экапаркоўкi”. Усё проста: на траву (зямлю) укладваецца спецыяльная пластыкавая рашотка. З дапамогай гэтай тэхналогii, а таксама выкарыстаннем традыцыйных метадаў сёлета ў дварах жылых дамоў будзе створана 2500 новых машынамесцаў.
Магчыма, у 2011-м у месцах агульнага карыстання ўдасца стварыць эфектыўную сiстэму вiдэаназiрання, у тым лiку прыдваровых тэрыторый. Вядома, што iснуючае ў некаторых домаўладаннях таварыстваў уласнiкаў вiдэаабсталяванне сябе апраўдала.
Канешне, давядзецца вельмi шмат зрабiць у Год парадку i ўладкавання гарадскiх тэрыторый, прычым у самых розных накiрунках. Работы хопiць усiм. Аднак справа гэта, як кажуць, добрая i карысная.
Нагадаем, што канчатковы вынiк праекта — паляпшэнне экалагiчнай абстаноўкi ў горадзе, рамонт i ўладкаванне вулiчна-дарожнай сеткi, жыллёвага фонду, устаноў адукацыi, аховы здароўя, культуры, удасканальванне архiтэктурна-эстэтычнага афармлення аб’ектаў, рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду…
Iгар Савосценка, «Рэспубліка»
15 сакавіка 2011