Белорусский портал в Казахстане

Аўтамабілі МАЗ накіраваліся ў паўночную экспедыцыю



У паўночную экспедыцыю накіраваліся аўтамабілі Мінскага аўтамабільнага завода шасці марак, паведаміла прэс-служба прадпрыемства.

Усе аўтамабілі выпускаюцца серыйна. Арганізацыя выпрабаванняў — гэта сумесны праект ААТ "Мінскі аўтамабільны завод", ААТ "Яраслаўскі маторны завод" (ЯМЗ) і кампаніі Bosch (на аўтамабілях устаноўлены рухавікі ЯМЗ і паліўная апаратура Bosch). Маршрут Мінск — Масква — Ніжні Ноўгарад — Перм — Екацярынбург — Цюмень — Табольск — Сургут запланавана пераадолець за 30 дзён. З Мінска аўтамашыны выехалі 18 студзеня.

Асноўная мэта экспедыцыі заключаецца ў вызначэнні фактычных тэхніка-эканамічных паказчыкаў, такіх як расход паліва і маторнага масла, сярэдняя хуткасць руху, паліўна-хуткасныя якасці на маршрутах агульнага карыстання, а таксама ў правядзенні эксплуатацыйных выпрабаванняў паліўнай апаратуры Bosch, ацэнцы працы рухавіка, умоў працы вадзіцеля. Аналізуючы ўсе гэтыя паказчыкі, зазначаюць спецыялісты, можна сфарміраваць асноўныя параметры спецыяльнага выканання аўтамабіля. У першую чаргу гэта аптымізацыя гуматэхнічных вырабаў, што прымяняюцца ў стварэнні аўтамабіля, устаноўка дадатковага абагравальніка кабіны, прымяненне абагрэву рухавіка, выкарыстанне асаблівых гаруча-змазачных матэрыялаў, што дазволіць зрабіць працу аўтамабіля безадмоўнай і стварыць камфортныя ўмовы для вадзіцеля.

Апрача таго, паўночныя выпрабаванні — гэта цудоўная магчымасць вывучыць спецыфіку аўтамабільнага рынку, азнаёміць патэнцыяльных спажыўцоў з магчымасцямі тэхнікі МАЗа, што дазволіць дастойна канкураваць з сусветнымі вытворцамі аўтатэхнікі, зазначаюць на прадпрыемстве.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 31 студзеня 2011



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1079/4119
Текущая дата: 20.09.2024