Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Жук: "За спісванне на сесіі будзем жорстка караць студэнтаў..."



Самым рашучым чынам збіраюцца змагацца ў галоўным адукацыйным ведамстве Беларусі са спісваннем студэнтаў на экзаменах. А завочнай форме навучання ў Міністэрстве адукацыі плануюць вярнуць першапачатковы сэнс. Плюс ёсць намер істотна скараціць колькасць студэнтаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю завочна.

Як паведаміў на калегіі свайго ведамства першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Аляксандр Жук, неабходна прымаць дадатковыя меры па павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у ВНУ, якая не заўсёды задавальняе працадаўцаў.

— Патрабуе ўдасканалення арганізацыя экзаменацыйнага ацэньвання ведаў і навыкаў студэнтаў. Асобнае пытанне — спісванне студэнтаў на экзаменах. З гэтым трэба рашучым чынам змагацца — так, як гэта робіцца ва ўсім свеце, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Спісванне падчас атэстацыйных экзаменацыйных мерапрыемстваў трэба разглядаць як грубае парушэнне правілаў унутранага распарадку ці як дысцыплінарны праступак, а парушальніка, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, трэба прыцягваць да дысцыплінарнага пакарання — аж да адлічэння.

На думку Аляксандра Жука, у апошнія гады завочная форма навучання набыла гіпертрафіраваныя маштабы, асабліва ў прыватных ВНУ. Адсутнасць добра арганізаванага вучэбнага працэсу і кантролю, у тым ліку і бягучага, аўтаматычна робіць завочную форму атрымання адукацыі менш эфектыўнай, чым дзённая. Гэта пацвярджае і апошняя інфармацыя Дэпартамента кантролю якасці адукацыі, які займаўся вывучэннем узроўню падрыхтоўкі спецыялістаў на завочнай форме навучання. Былі, у прыватнасці, праведзеныя кантрольныя зрэзы рэшткавых ведаў у студэнтаў 5-6 курсаў найбольш папулярных сярод моладзі спецыяльнасцяў — "Эканоміка" і "Правазнаўства".

Комплексныя тэставыя заданні ўключалі 20 пытанняў і былі разлічаны на ацэньванне мінімальнага ўзроўню ведаў па асноўных прадметах. Крытэрый выканання тэста быў на ўзроўні 60 працэнтаў (12 і больш правільных адказаў). Па выніках тэстаў высветлілася, што станоўчыя адзнакі змаглі атрымаць толькі 43 працэнты тэстуемых (яны далі 12 і больш правільных адказаў), а на "Правазнаўстве" і ўвогуле толькі 20 працэнтаў. Лепшыя вынікі былі атрыманы ў тых выпадках, калі студэнты-завочнікі мелі профільную сярэднюю спецыяльную адукацыю. Напрыклад, па спецыяльнасці "Бухулік, аналіз і аўдыт" 75 працэнтаў тэстуемых студэнтаў мелі профільную сярэднюю спецыяльную адукацыю. Напэўна, таму і станоўчы вынік на тэсціраванні прадэманстравалі да 85 працэнтаў удзельнікаў (у сярэднім — 70 працэнтаў). А самыя горшыя вынікі былі ў студэнтаў-завочнікаў, якія на момант свайго паступлення былі выпускнікамі школ.

— Мяркую, што гэтыя вынікі гавораць самі за сябе, — дадаў Аляксандр Жук. — Лічу, што трэба вярнуць першапачатковы сэнс завочнай форме навучання, як навучанню без адрыву ад вытворчасці з мэтай павышэння кваліфікацыі ці атрымання новай спецыяльнасці. Як правіла, на завочную форму павінны паступаць асобы, занятыя працоўнай дзейнасцю. Па-другое, павінны захоўвацца разумныя прапорцыі — колькасць завочнікаў не павінна перавышаць 30-40 працэнтаў ад агульнай колькасці студэнтаў канкрэтнай ВНУ.

Мы будзем уважліва адсочваць і карэктаваць лічбы прыёму ў ВНУ, у тым ліку і ў разрэзе спецыяльнасцяў. Сёння нам неабходна даць грамадству, абітурыентам і іх бацькам дадатковыя сігналы аб найбольш запатрабаваных і перспектыўных спецыяльнасцях, звязаных з прыярытэтнымі напрамкамі развіцця эканомікі (інжынерна-тэхнічных, тэхналагічных, прыродазнаўча-навуковых спецыяльнасцях і спецыяльнасцях для ІТ-галіны). Трэба больш актыўна ўдзельнічаць у фарміраванні адукацыйных запытаў нашых грамадзян, акуратна змяншаючы платную падрыхтоўку па незапатрабаваных у цяперашніх аб`ёмах падрыхтоўкі спецыяльнасцях.

За пяцігодку колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ зменшыцца амаль удвая (са 100 тысяч у 2008 годзе да 54 тысяч у 2015 годзе). А,значыць, узрасце рэальная канкурэнцыя паміж ВНУ, ССНУ і прафесійна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі.

За хабар выкладчыку — адлічэнне са студэнтаў


Яшчэ адна балючая праблема, на якой засяродзіў увагу Аляксандр Жук, гэта выкананне антыкарупцыйнага заканадаўства. Станоўчым момантам першы намеснік міністра адукацыі лічыць адсутнасць сур`ёзных правапарушэнняў падчас уступнай кампаніі, што звязана, безумоўна, з укараненнем сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання. У той жа час летась у сістэме адукацыі былі выяўлены 399 злачынстваў, што на 200 фактаў больш, чым годам раней. Асноўную ўдзельную вагу ў структуры карупцыйных злачынстваў займаюць хабарніцтва (308 фактаў) і крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (49).

Непасрэдна ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, зарэгістравана 289 злачынстваў, здзейсненых 61 работнікам (у 2009 годзе — на 48 работнікаў 120 злачынстваў). Ва ўстановах, падпарадкаваных мясцовым органам кіравання адукацыяй, зарэгістравана 46 карупцыйных злачынстваў — на 13 больш.

— На жаль, па-ранейшаму маюць месца факты пабораў з боку кіраўнікоў дашкольных устаноў пад рознымі надуманымі прычынамі, — паведаміў Аляксандр Жук. — Так, было заведзена 5 крымінальных спраў у дачыненні да загадчыцы ясляў-сада № 7 Мінска, якая атрымлівала незаконныя грашовыя ўзнагароджанні ад бацькоў за залічэнне іх дзяцей у дашкольную ўстанову. З 289 злачынстваў, здзейсненых у падпарадкаваных нам установах, 276 выпадкаў — гэта выпадкі хабару.

Аляксандр Жук расказаў, як на працягу некалькіх гадоў у Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы дзейнічала наладжаная адным з выкладчыкаў сістэма збору грашовых сродкаў з навучэнцаў за станоўчае рашэнне пытанняў здачы экзаменаў (устаноўлена 230 (!) выпадкаў). У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны было заведзена 20 крымінальных спраў у адносінах да асістэнта кафедры эканамічнай кібернетыкі, які атрымліваў ад студэнтаў хабар за здачу залікаў. Аналагічныя выпадкі мелі месца і ў БНТУ. Фактычна галоўнай "зонай рызыкі" сталі экзаменацыйныя сесіі...

— Я хацеў бы нагадаць, што кожны кіраўнік нясе персанальную адказнасць за выкананне антыкарупцыйнага заканадаўства, — дадаў Аляксандр Жук. — Лічым неабходным ужо падчас будучай летняй сесіі перагледзець арганізацыю і правядзенне экзаменаў, больш актыўна звяртацца да стварэння камісій для прыняцця ў студэнтаў экзаменаў, а таксама праводзіць экзамены пераважна ў пісьмовай форме. Трэба ўнесці таксама ва ўстаноўленым парадку прапановы для перагляду заканадаўства ў плане ўзмацнення адказнасці тых, хто дае хабар. Справа ў тым, што ў шэрагу выпадкаў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам мы не можам прымяніць меры дысцыплінарнай адказнасці да навучэнцаў, якія даюць выкладчыкам хабар, і выключыць іх з кола студэнтаў.

Лепш работа ў школе, чым служба ў арміі

Асобна першы намеснік міністра адукацыі спыніўся ў сваім выступленні на сацыяльным статусе педагагічных работнікаў. Прынятыя апошнім часам меры па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў галіны з`яўляюцца, на думку Аляксандра Жука, недастатковымі. Гэта тычыцца катэгорый педагагічных работнікаў, якія не маюць вучонай ступені і вучонага звання: старшых выкладчыкаў, асістэнтаў, выкладчыкаў, выкладчыкаў-стажораў. Між іншым, колькасць такіх работнікаў складае 53 працэнты ад прафесарска-выкладчыцкага саставу — больш як 12 тысяч чалавек. Нізкімі застаюцца таксама заробкі ў педагагічных работнікаў дашкольных і пазашкольных устаноў адукацыі.

— Мы лічым, што трэба распрацаваць і ўнесці на разгляд ва ўрад комплекс мер па павышэнні сацыяльнага статусу педагогаў і прэстыжу педагагічнай прафесіі. У якасці заахвочвальнай меры можа выступаць, напрыклад, вызваленне ад службы ў арміі маладых педагогаў пры ўмове адпрацоўкі імі па прафесіі да заканчэння тэрміну прызыўнога ўзросту, — дадаў Аляксандр Жук. — Сёння 85 працэнтаў педагогаў у школах складаюць жанчыны. Гэта можа быць ільготная чарга на атрыманне жылля, ільготнае крэдытаванне яго будаўніцтва і іншыя меры сацыяльнай падтрымкі педагогаў. Для педагогаў, якія працуюць у дашкольных установах, гэта таксама зніжэнне працягласці рабочага часу выхавальніка да 25 гадзін у тыдзень і павелічэнне працягласці іх адпачынкаў.

Надзея Нікалаева
Звязда, 5 лютага 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1086/4262
Текущая дата: 14.11.2024