Белорусский портал в Казахстане

Урачыстае святкаванне 85-годдзя Пінскай дыяцэзіі



28 кастрычніка 2010 г. Пінская дыяцэзія адзначыла 85-годдзе свайго заснавання. У пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі а 11-й гадзіне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, узначаліў святую Імшу.

У гаміліі біскуп Кашкевіч закрануў гісторыю заснавання Пінскай дыяцэзіі і семінарыі. Іерарх нагадаў, што пасля першых гадоў дзейнасці для Пінскай дыяцэзіі настаў час пераследаў, «аднак Касцёл вытрываў, дзякуючы гераічным намаганням святароў і вернікаў», бо Хрыстус мае ўладу выводзіць Касцёл з кожнай складанай сітуацыі. Іерах прыгадаў таксама асобу першага біскупа Пінскай дыяцэзіі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, а таксама кардынала Казіміра Свёнтка.

Пасля святой Імшы ў памяшканнях курыі адбылося адкрыццё выстаўкі, прысвечанай благаслаўлёнаму кс. Мечыславу Багаткевічу. Пасля ў будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі былі зачытаны даклады і прадэманстраваны дакументальны фільм пра постаць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Кірыл Бардонаў 
Католік.by 
28 кастрычніка 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1112/2507
Текущая дата: 10.11.2024