Белорусский портал в Казахстане

МЗС кажа пра пазітыўны прагрэс у дачыненнях Беларусі і ЕС



Пазітыўны прагрэс у адносінах Беларусі з Еўрасаюзам адпавядае інтарэсам усіх, заявіў 18 лістапада на брыфінгу прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных.

«Пазіцыя Беларусі празрыстая і відавочная: мы выступаем за развіццё супрацоўніцтва па ўсіх кірунках», — падкрэсліў прэс-сакратар, каментуючы ўчарашнюю заяву кіраўніка беларускага прадстаўніцтва ЕС Жана-Эрыка Хольцапфеля.

Нагадаем, 17 лістапада ў Мінску на пасяджэнні круглага стала «Рэспубліка Беларусь — Еўрапейскі саюз: стратэгія ўзаемадзеяння ў гістарычнай перспектыве» Хольцапфель заявіў, што Еўрасаюз гатовы аднавіць перамовы з Беларуссю па пагадненнях аб партнёрстве і супрацоўніцтве і аб свабодным гандлі толькі ў выпадку прагрэсу ў прапанаваных ЕС «пяці ключавых сферах». Ён нагадаў, што ключавыя сферы «звязаны з адсутнасцю палітычных зняволеных, свабоднымі і справядлівымі выбарамі, развітымі СМІ, свабодай асацыяцый і рухам да адмены смяротнай кары».

Савіных зазначыў, што Беларусь вядзе пастаянны дыялог з Еўрасаюзам «па шэрагу пытанняў». «У межах ЕС існуюць розныя пункты гледжання на тое, як хутка павінен ісці гэты працэс, — падкрэсліў Савіных. — Мы ўпэўнены, што пазітыўны прагрэс адпавядае інтарэсам усіх».

Андрэй Серада, БелаПАН
18 лiстапада 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1112/2841
Текущая дата: 06.11.2024