Белорусский портал в Казахстане

21 лістапада Касцёл моліцца за ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў



У трэцюю нядзелю лістапада, у Сусветны дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў, ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будуць маліцца аб здароўі для пацярпеўшых пры ДТЗ і аб вечным супакоі для загінуўшых на дарогах. Менавіта з такой просьбай звярнуўся да душпастыраў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Да акцыі далучацца і іншыя дыяцэзіі Беларусі.

«21 лістапада 2010 г. адзначаецца Сусветны дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў. Прашу ў гэты дзень падчас кожнай св. Імшы памаліцца аб здароўі для пацярпеўшых пры ДТЗ і аб вечным супакоі для загінуўшых на дарогах. У часе парафіяльных аб’яў неабходна заахвоціць вернікаў да захавання правіл дарожнага руху», — адзначаецца ў звароце арцыпастыра.  

Акрамя гэтага, у лісце прыводзіцца сумная статыстыка па ДТЗ: «Штодзённа ў свеце на дарогах гіне больш за 3 тысячы чалавек, у год гіне 1 100 000 чалавек і каля 50 000 000 атрымліваюць раненні». «Улічваючы гэтыя дадзеныя, мы не можам быць абыякавымі да існуючай сітуацыі», — заклікае ў звароце Мітрапаліт Кандрусевіч і ўдзяляе на гэтую справу благаслаўленне.  

Трэцяя нядзеля лістапада — Сусветны дзень памяці ахвяр дарожных здарэнняў

Мэта Сусветнага дня памяці ахвяр дарожных здарэнняў заключаецца ў тым, каб ушанаваць памяць загінуўшых у выніку ДТЗ і выказаць спачуванне іх родным і блізкім, а таксама яшчэ раз нагадаць дзяржавам пра неабходнасць забяспечыць бяспеку дарожнага руху.

Гэты дзень пакліканы звярнуць увагу на сумны факт: ва ўсім свеце ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў штодзень гіне больш за 3 тысячы чалавек і каля 100 тысяч атрымліваюць сур’ёзныя траўмы. Большая частка загінуўшых і пацярпелых — моладзь.

Па даных ААН, кожны год дарожна-транспартныя здарэнні забіраюць 1 200 тысяч жыццяў. Яшчэ да 50 мільёнаў чалавек атрымліваюць рознага роду траўмы. Больш 50% усіх смяротных зыходаў у выніку ДТЗ прыпадае на ўзроставую групу ад 15 да 44 год.

Паводле прагнозаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2020 года траўматызм у выніку дарожных аварый можа стаць трэцяй асноўнай прычынай гібелі і калецтваў.

Сярод асноўных прычын ДТЗ — перавышэнне хуткасці, ужыванне алкаголю, адсутнасць праграм тэхнічнага агляду транспартных сродкаў і абсталявання, якія забяспечваюць бяспеку вадзіцеляў і пасажыраў.

Гістарычная даведка

Ідэя штогадовага правядзення Дня памяці ахвяр дарожных аварый належыць «Road Peace» — брытанскаму дабрачыннаму фонду дапамогі ахвярам ДТЗ, які адзначае гэты дзень з 1993 г. На працягу пяці год арганізацыі, што далучыліся да Еўрапейскай федэрацыі ахвяр ДТЗ, адзначалі гэты дзень як Еўрапейскі дзень памяці ахвяр ДТЗ.

У 1998 г. Дзень памяці выйшаў за межы Еўропы і з’явіўся на іншых кантынентах, а ў 2005 г. у сваёй Рэзалюцыі Генеральная Асамблея ААН заклікала ўсё сусветнае згуртаванне прызнаць Сусветны дзень памяці ахвяр дарожных аварый і адзначаць яго ў трэцюю нядзелю лістапада.

16 лістапада 2010
catholic.by

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1114/2753
Текущая дата: 06.11.2024