Белорусский портал в Казахстане

“Сьмерць — гэта не правасудзьдзе”



8 кастрычніка ў Менску ў музэі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася сумесная выстава Рады Эўропы і Эўразьвязу «Сьмерць — гэта не правасудзьдзе», прысьвечаная Міжнароднаму дню барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня.

«Сьмерць — гэта не правасудзьдзе» — гэта яшчэ і лёзунг кампаніі Рады Эўропы, накіраванай на адзінства эўрапейскіх грамадзянаў у барацьбе за адмену сьмяротнага пакараньня. «З дапамогай гэтай выставы мы хочам данесьці да грамадзкасьці, чаму сьмяротнае пакараньне, якое таксама ня мае апраўданьняў, адмяняецца паўсюль у сьвеце і чаму яно павінна быць забаронена», — заявіў Генэральны сакратар.

На выставе прадстаўленыя сто плякатаў, абраных у межах конкурсу Poster4tomorrow, які праходзіў пад патранатам генэральнага сакратара Рады Эўропы Турб’ёрна Ягланда. Распавядае Эстэль Штайнэр, супрацоўніца Дырэкцыі камунікацый Рады Эўропы:

«На конкурс было прадстаўлена 2095 плякатаў, зробленых дызайнэрамі-графікамі з 81 краіны. Прафэсійнае журы адабрала 100 найлепшых, найбольш красамоўных. Выстава будзе праходзіць адначасова ў 30 краінах сьвету».


З 1997 году ў Эўропе пакараньня сьмерцю няма. Адзінае выключэньне на сёньняшні дзень складае Беларусь. Старшыня Сталай камісіі заканадаўства і судова-прававых пытаньняў у Палаце прадстаўнікоў Мікалай Самасейка распавёў, што ўлады, безумоўна, асэнсоўваюць: адмена сьмяротнага пакараньня дазволіць краіне наблізіцца да стандартаў Рады Эўропы ў галіне правоў чалавека. Але спаслаўся на вынікі рэфэрэндуму 1996 году, на якім 80,44% удзельнікаў падтрымалі скрайнюю меру. Але, на ягоную думку:

«Калі грамадзкая думка зьменіцца істотна, і мы бачым ужо такія вынікі, то ў нас будзе магчымасьць, я мяркую, гаварыць калі не пра адмену сьмяротнага пакараньня, то пра ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне як першага кроку да адмены».


Спадар Самасейка распавёў, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць 14 артыкулаў, паводле якіх можа быць вынесены прысуд — пакараньне сьмерцю. На практыцы выкарыстоўваецца толькі адзін артыкул 139, частка 2 — забойства з асаблівай жорсткасьцю некалькіх чалавек. Але, на думку спадара Самасейкі, цалкам магчымая замена сьмяротнага пакараньня на пажыцьцёвае зьняволеньне. Патлумачыў прафэсійны юрыст спадар Самасейка і тое, чаму ня можа парлямэнт пайсьці на радыкальны крок — адмену сьмяротнага пакараньня:

«Справа ў тым што паняцьце сьмяротнага пакараньня ёсьць у Канстытуцыі, у артыкуле 24. А Канстытуцыя можа быць зьмененая толькі шляхам рэфэрэндуму. Таму для поўнай адмены сьмяротнага пакараньня неабходны рэфэрэндум. Для ўвядзеньня мараторыю, натуральна, рэфэрэндум не патрэбны».

Прадстаўнік Генэральнага дырэктарату Рады Эўропы па дэмакратыі і палітычных пытаньнях Данііл Хачаба падкрэсьліў:

«Для Рады Эўропы гэта прынцыповае пытаньне: зрабіць з Эўропы зону, свабодную ад сьмяротнага пакараньня. Гэтае пытаньне застаецца на парадку дня ў дачыненьнях паміж Радай Эўропы і Беларусьсю. Мы разумеем, што гэта складанае пытаньне і ў адзін момант не вырашальнае. Разам з тым мы маем цярпеньне і гатовыя працаваць разам зь Беларусьсю».


З выступаў старшыні працоўнай групы па адмене сьмяротнага пакараньня дэпутата Самасейкі, сьвятароў, прадстаўнікоў беларускага МЗС, праваабаронцаў вынікала, што адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі непазьбежная, гэта толькі справа часу.

На адкрыцьці выставы прысутнічалі амбасадар Вугоршчыны ў Беларусі Фэрэнц Контра, амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, амбасадарка Вялікай Брытаніі Розмары Томас, кіраўнік дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль, беларускія праваабаронцы, сьвятары, грамадзкасьць.

Радыё Свабода
8 кастрычніка 2010
Іна Студзінская

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1124/2243
Текущая дата: 05.11.2024