Белорусский портал в Казахстане

Мінабароны Беларусі: Пілоты МіГ-29 загінулі, прадухіляючы падзенне самалёта на населеныя пункты



23 верасня прыкладна ў 17.00 у Брэсцкай вобласці падчас планавых палётаў пры выкананні элементаў пілатажу павышанай складанасці на малых вышынях пацярпеў катастрофу самалёт МіГ-29 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл (Баранавічы).

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, экіпаж паветранага судна ў складзе лётчыка 1-га класа, камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі падпалкоўніка Сяргея Каваленкі і лётчыка 2-га класа, намесніка камандзіра авіяцыйнага звяна маёра Аляксандра Жыгайлы, прадухіляючы падзенне самалёта на населеныя пункты, адвёў машыну ў раён лясіста-балоцістай мясцовасці, дзе і адбылося яе крушэнне. Пілоты загінулі.

Прычыны і абставіны трагедыі высвятляе спецыяльная камісія ваеннага ведамства.

Міністэрства абароны выказвае спачуванні родным і блізкім ваеннаслужачых і акажа ім дапамогу ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Нагадаем, 30 жніўня 2009 года падчас паказальных выступленняў на авіяшоу ў польскім Радаме пацярпеў катастрофу Су-27 гэтай жа авіябазы. Два пілоты загінулі.

21 красавіка 2010 года падчас правядзення планавага палёту ва ўмовах абмежаванай бачнасці пры выкананні манеўру павышанай складанасці адбылося сутыкненне ў паветры двух самалётаў МіГ-29 927-й знішчальнай авіяцыйнай базы (Бяроза, Брэсцкая вобласць). Нядаўна гэтае авіяцыйнае злучэнне ўвайшло ў склад 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы.

У выніку адна з машын атрымала пашкоджанні, якія не дазволілі працягваць палёт. Лётчык здолеў вывесці знішчальнік у раён 210-га авіяцыйнага палігона і, пераканаўшыся ў адсутнасці населеных пунктаў, катапультаваўся. Прафесійныя дзеянні другога пілота дазволілі другой машыне паспяхова прызямліцца на базавым аэрадроме.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 23 верасня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1128/2049
Текущая дата: 05.11.2024