Белорусский портал в Казахстане

Беларусы выбіраюць... буйны горад



Паводле апошняга перапісу насельніцтва (14.10.09 г.) у Беларусі пастаянна пражывала 9 млн 504 тыс. чалавек. Такім чынам, з часу папярэдняга перапісу ў 1999 годзе колькасць насельніцтва зменшылася на 541 тыс. чалавек ці на 5,4 працэнта.

Змяншэнне колькасці насельніцтва адбылося ва ўсіх абласцях, але найбольш значнае — на Віцебшчыне (на 146 тыс. чалавек ці на 10,6 працэнта), Міншчыне (на 136 тыс. чалавек або на 8,7 працэнта) і Магілёўшчыне (на 114 тыс. чалавек або 9,4 працэнта). У той жа час адзначаны рост колькасці жыхароў  сталіцы — на 156 тыс. чалавек ці на 9,3 працэнта.

Пры гэтым перапіс засведчыў: працэс урбанізацыі набірае абароты. З 1999 года колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася на 103 тыс. чалавек, а яго агульная доля — з 69 да 74 працэнтаў. Прычым удзельная вага гараджан узрасла ва ўсіх абласцях, цяпер яна складае 76 працэнтаў на Магілёўшчыне, 73 працэнты — на Віцебшчыне і Гомельшчыне, 69 працэнтаў — на Гродзеншчыне, 66 працэнтаў — на Брэстчыне і 55 працэнтаў — на Міншчыне. Да таго ж працягвалася канцэнтрацыя беларусаў у сталіцы і абласных цэнтрах. Калі ў 1999 годзе ў гэтых гарадах пражывала 49 працэнтаў, то ў 2009 годзе — 52 працэнты насельніцтва. Адпаведна, агульная колькасць жыхароў сталіцы і абласных цэнтраў за гэты перыяд павялічылася на 225 тыс. чалавек. А вось колькасць жыхароў у астатніх гарадах і гарпасёлках наадварот зменшылася — на 122 тыс. чалавек, і ў тым ліку на 44 тысячы — у гарадах малых і сярэдніх.

Адбылося і скарачэнне колькасці вясковага насельніцтва — у параўнанні з 1999 годам на 644 тыс. чалавек ці на 21 працэнт. Найбольш хуткім яно было на Віцебшчыне (26,5 працэнта), Магілёўшчыне (на 26,2 працэнта) і Гродзеншчыне (25,2 працэнта). Прычым сама па сабе гэтая з`ява тлумачыцца як асаблівасцямі ўзроставага складу вяскоўцаў, так і іх міграцыяй у гарады.

Источник: Звязда


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1132/1857
Текущая дата: 05.11.2024