Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка мае намер спагнаць усе расейскія запазычанасьці



Запазычанасьць расейскіх партнэраў перавысіла доўг беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на 347 мільярдаў рублёў ...

Урад і Нацбанк Беларусі атрымалі нездавальняючую адзнаку ад кіраўніка дзяржавы па выніках справаздачы аб працы эканомікі.
Як заявіў Аляксандар Лукашэнка, у першым паўгодзьдзі праваленыя важнейшыя парамэтры ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы, інвэстыцыях. Як вынік - 7% росту валавога ўнутранага прадукту пры прагнозе ў 11-13%. Яшчэ адзін паказьнік, які абурыў Лукашэнку, - дысбалянс у зьнешнім гандлі: за паўгода адмоўнае сальда склала 2 мільярды 400 мільёнаў даляраў. Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў, што надышоў час прынесьці карысьць краіне і людзям, а не "хавацца пад венікам".

Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў урад за тое, што, нягледзячы на неаднаразовыя прэзыдэнцкія даручэньні, так і ня вырашаная праблема затаваранасьці складоў. У гэтай сувязі ён загадаў разабрацца з сытуацыяй, якая склалася ў гандлёвым дысбалянсе з Расеяй: у той час, як на 1 ліпеня пратэрмінаваная запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў расейскаму боку перавысіла 248 мільярдаў рублёў, суб`екты гаспадараньня Расеі вінныя Беларусі амаль 600 мільярдаў рублёў:

"Як разумець тое, што праблема ліквідацыі залежаў гатовай прадукцыі ня вырашаная да гэтага часу? Дагэтуль на складах прамысловых прадпрыемстваў без руху гатовай прадукцыі -- на суму 6 трыльёнаў рублёў. Сёньня разам зь вялізнымі запасамі на складах расьце пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць. То бок, гатовая прадукцыя адгружаная, а выручка за яе не паступіла. Больш за тое, зьнешняя пратэрмінаваная запазычанасьць расейскіх партнэраў перавысіла доўг беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на 347 мільярдаў рублёў. Што ж атрымліваецца? Выгаду ад росту экспарту і разгрузкі складоў маюць не беларускія вытворцы, а іх зьнешнегандлёвыя партнэры".

Экспэрты кажуць, што зразумець нэрвознасьць кіраўніка краіны можна - дзяржаўная скарбонка імкліва пусьцее. Валюту ў казну стабільна прыносіць рэалізацыя калійных угнаеньняў. Іншы артыкул прыбытку – экспарт нафтапрадуктаў – скараціўся на 40% і не дае падставаў да аптымізму ў будучым. Стаўка на трактары, грузавыя аўтамабілі, сельгастэхніку, лёгкую прамысловасьць не ўспрымаецца ўсур`ёз нават на ўрадавым узроўні – занадта вялікая неадпаведнасьць паміж коштам і якасьцю.

Крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак перакананы: скалынаньне паветра ні да чаго не прывядзе. На яго думку, беларуская прамысловасьць у цяперашнім выглядзе толькі і можа, што працаваць на склад:

"Справа нават не ў мадэрнізацыі, бо мадэрнізацыя – само па сабе састарэлае слова, але яны там гэтага, відаць, не разумеюць. Мадэрнізацыя – гэта падцягваньне сваёй разваленай эканомікі да перадавога ўзору. А нам патрэбная не мадэрнізацыя, а неабходна наноў ствараць усю структуру. То бок, будаваць эканоміку па зусім іншых стандартах. Арыентавацца не на гігантаманію, а рабіць тое, што мы насамрэч рабіць здольныя. Бадай, адзінае, што нас уратавала б, дык гэта тое, што мы маглі б браць на сябе рызыкі. Але час, на жаль, таксама ўжо упушчаны. Таму не мадэрнізаваць трэба эканоміку, а цалкам яе перарабляць".

Аляксандар Лукашэнка назваў скрайне нездавальняючай працу дзяржаўных органаў у справе прыцягненьня ў эканоміку краіны замежных інвэстыцыяў. Па яго словах, чысты прыток інвэстыцыйных сродкаў сёлета будзе меншы, чым нават у крызісны 2009-ы. Адзначаная незбалянсаванасьць у зьнешнім гандлі і нізкая дывэрсыфікацыі экспарту. Эканаміст Васіль Шлындзікаў лічыць, што занадта доўга дзяржава, не праводзячы ніякіх рэформаў, падтрымлівала стратныя галіны, каб цяпер спадзявацца на цуд:

"Пры жаданьні можна было б арганізаваць усё зусім інакш, гэта цалкам магчыма. Але і цяпер усё робіцца па старых схемах, яшчэ савецкіх. Ну які, прыкладам, сэнс рабіць вялізныя ўліваньні ў беларускіх вытворцаў швейных ці трыкатажных вырабаў? Віетнамкі, таджычкі на Чэркізаўскім ці нейкім іншым маскоўскім рынку шыюць нашмат лепей, чым уся наша лёгкая прамысловасьць! І як ты яе ў нашых умовах не падтрымлівай, яны як шылі нешта пачварнае, так і дагэтуль шыюць. А пры такой палітыцы нічога не зьменіцца і надалей".

Са свайго боку прэм`ер-міністар Сяргей Сідорскі пацьвердзіў, што найбольш складаная сытуацыя склалася на буйнейшых валаўтворных прадпрыемствах Міністэрства прамысловасьці, дзе дакрызісны узровень так і не адноўлены. Аднак, на думку кіраўніка Агенцтва дзелавых сувязяў Валянціна Лопана, наўрад ці правільная пастаноўка пытаньня аб нарошчваньні аб`ёмаў вытворчасьці без вырашэньня асноўнай праблемы – пошуку рынкаў збыту. Праца маркетынгавых службаў на дзяржаўных прадпрыемствах па-ранейшаму трымаецца на тым, што сам пакупнік мусіць да іх зьвяртацца:

"Якіясьці вузкія нішы ёсьць нават у Эўропе, каб той жа МАЗ мог там прадаваць свае машыны. Прычым, нават не абавязкова высокіх экалягічных стандартаў. Але для гэтага трэба вельмі дакладна ведаць рынак. Прыкладам, я ў свой час сутыкаўся з тым, што ў Нямеччыну можна было б пастаўляць нашы грузавікі дзесьці на рэкультывацыю земляў пасьля распрацоўкі бурага вуглю. Бо там, дзе машыны ніколі не выяжджаюць на дарогі агульнага карыстаньня, увогуле не патрабуецца трымацца стандарту Эўра-4 і высокіх экалягічных нормаў. То бок, МАЗ у такія месцы тэарэтычна штосьці можа пастаўляць. Але дзеля гэтага трэба працаваць. Не сядзець, чакаючы прапановаў, а самім шукаць яшчэ неасвоеныя рынкі".

Кіраўнік ураду ў сваёй справаздачы паведаміў, што распрацаваныя 47 стратэгіяў дзеля нарошчваньня экспарту і замацаваньню на рынках Лацінскай Амэрыкі, Азіі, Афрыкі. Па выніках працы ў першым паўгодзьдзі, Беларусь засвоіла новыя рынкі ў 24 дзяржавах сьвету. Праўда, за выключэньнем Вэнэсуэлы, у супрацоўніцтве зь якой пераважваюць не зусім празрыстыя схемы, рапартаваць пра вялікія посьпехі пакуль не даводзіцца.

Ігар Карней
Радыё Свабода
28.08.2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1134/1730
Текущая дата: 05.11.2024