Белорусский портал в Казахстане

Наркакантроль унёс 48 новых прэпаратаў у спіс забароненых у Беларусі



У Польшчы ў шпіталі трапіла некалькі чалавек, што атруціліся рэчывам пад назвай dopalacz — легальным аналагам амфетаміну. Па неафіцыйнай інфармацыі стала вядома, што ў шпіталі трапілі чацвёра 17-гадовых падлеткаў, 12-гадовы хлопчык, а таксама дзяўчынка 8-мі гадоў, якім у краме прадалі легальны наркотык. Прычынай стала рэчыва пад назвай «Тайфун».

У ноч з пятніцы на суботу быў зарэгістраваны першы смяртэльны выпадак — 20-гадовы хлопец. Невядома, ці стала азначаная субстанцыя асноўнай прычынай ягонай смерці, але менавіта пасля таго, як хлопец ужыў наркотык, ён паведаміў, што адчувае сябе вельмі слабым, а таксама пакутуе ад спёкі. Выкліканыя дактары не змаглі яго ўратаваць.

Польскія дактары кажуць, што гэты легальны прэпарат уздзейнічае на арганізм гэтак сама, як і «сапраўдныя» наркотыкі, і тое, што яго можна купіць абсалютна вольна — сапраўдная трагедыя.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск выказаўся ў вельмі рэзкай форме наконт легальнасці «Тайфуна» і іншых сходных рэчываў. За выходныя ў Польшчы зачынены шэраг крамаў, што гандлявалі падобнымі прэпаратамі.

На сайце dopalacze.com даецца поўная класіфікацыя тавараў, інструкцыя па ўжыванні, характарыстыка кожнага падвіду, а таксама адрасы крамаў, дзе легальны амфетамін можна набыць.

 У раздзеле «легальнасць» пра прэпараты пішуць наступнае:

"Усе тавары, указаныя на сайце, з’яўляюцца легальнымі і могуць прадавацца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча згодна з законам. Фірма Elrodat Holdings LTD перадала прадукцыю для аналізу Польскаму Крыміналістычнаму Таварыству. Аналіз на забароненыя рэчывы быў адмоўным."

Сярод асартыменту, прысутнічаюць «энергетычныя», «эйфарычныя» і «псіхадэлічныя» рэчывы, а таксама аксесуары для іх выкарыстання. Гэтаксама на сайце прадстаўлены і іншыя легальныя наркотыкі — кшталту сумесяў для палення. Навінаў пра забарону на гандаль прэпаратамі на сайце не знойдзена.

У Беларусі так званыя «легальныя наркотыкі» забараняюцца ўвесь час, па некалькі разоў у год выходзіць новы, дапоўнены спіс забароненага.

Але паколькі попыт на наркотыкі вялікі, прадаўцы ўвесь час знаходзяць выйсце — ствараюць новыя сумесі, якія не ўтрымліваюць нейкага зазначанага ў новым спісе інгрэдыенту, і працягваюць ім гандляваць. Гэта тычыцца не толькі сумесяў для палення, але і парашкоў, якія класіфікуюцца як «солі для ваннаў».

Існуе і шэраг сайтаў, на якіх можна набыць «соль», пры чым яе кампаненты, насамрэч, будуць пакуль што легальнымі ў Рэспубліцы Беларусь. Назва «солі для ваннаў» прыйшла да нас з Англіі, дзе падобныя парашкі таксама маюць шырокае хаджэнне.

Анатацыя да такой «солі» паведамляе, што аднаго граму хапае на 7–8 чалавек, і гэтую соль нельга ўжываць унутрывенна.

На сайце, дарэчы, з’яўляюцца папярэджанні, што ўказаныя рэчывы могуць аказацца небяспечнымі. Сітуацыя тая ж самая, што і ў Польшчы: калі забараніць адзін прэпарат, адразу ж узнікае іншы з трошкі змененай назвай.

Каб больш дакладна даведацца пра становішча з «легальнымі наркотыкамі» ў Беларусі, «НН» звярнулася да намесніка начальніка Упраўлення па наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Васілю Лосічу:

"Легальных наркотыкаў у Беларусі не існуе — слова «легальны» не больш чым слэнг.

А наконт «сумесяў для палення», «соляў для ваннаў» і «падкормкі раслінаў» я вам скажу так: толькі за гэты год мы ўнеслі 48 прэпаратаў у спіс забароненых на тэрыторыі Беларусі. Аднак, калі мы першы раз уносілі папраўкі ў заканадаўства, мы думалі, што назаўжды развітаемся з «легальнымі прэпаратамі» — тады мы налічылі 20 штук. Але ўжо праз тры месяцы мы даведаліся, што з’явіліся новыя прэпараты. Пасля новай забароны, узніклі новыя наркотыкі. Насамрэч, ва ўсім свеце няма магчымасці разам забараніць усё гэта, але мы імкнёмся не адставаць і адсочваць кожны новы прэпарат."


Юрась Ускоў  Наша Ніва
5 кастрычнiка 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1137/2165
Текущая дата: 27.12.2024