Белорусский портал в Казахстане

Уваходжанне ў трыццатку — не фармальная гонка за баламі ў рэйтынгу...



На працягу апошніх гадоў Беларусь вядзе актыўную працу па ўдасканаленні прадпрымальніцкага і інвестыцыйнага клімату з мэтай паляпшэння рэйтынгу ў справаздачы Сусветнага банка па ўмовах вядзення бізнэсу.

Пра гэта ішла ўчора гаворка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі, якое прайшло пад старшынствам прэм`ер-міністра Сяргея Сідорскага, і на якім разглядаліся захады па ўваходжанні рэспублікі ў трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнэсу. Захады, што робяцца ў краіне, ужо далі плён: на сёння Беларусь займае 58-ю пазіцыю ў рэйтынгу Сусветнага банка ў параўнанні са 115-м месцам у 2007 годзе. А па выніках справаздачы "Вядзенне бізнэсу-2010" наша краіна ў чарговы раз увайшла ў пяцёрку лідараў па колькасці праведзеных рэформаў у сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і эфекту ад іх.

Як нагадаў віцэ-прэм`ер Андрэй Кабякоў, асноўныя паказчыкі, якія фарміруюць рэйтынг, — рэгістрацыя, атрыманне дазволу на будаўніцтва, наём працоўнай сілы, рэгістрацыя ўласнасці, крэдытаванне, абарона інвестараў, падаткаабкладанне, міжнародны гандаль і забеспячэнне выканання кантрактаў. Найбольш істотныя вынікі па паляпшэнні рэйтынгу былі дасягнутыя Беларуссю па 5 з 10 паказчыкаў справаздачы Сусветнага банка: гэта рэгістрацыя прадпрыемства — 7-е месца, рэгістрацыя ўласнасці — 10-е, забеспячэнне выканання кантрактаў — 12-е, наём працоўнай сілы — 32-е і атрыманне дазволу на будаўніцтва — 44-е месца. Аднак, падкрэсліў намеснік прэм`ера, ёсць у краіне і слабыя месцы, напрамкі, па якіх яшчэ шмат неабходна будзе зрабіць. У першую чаргу, гэта падаткаабкладанне, дзе Беларусь займае апошняе 183-е месца, а таксама міжнародны гандаль — 129-е, крэдытаванне — 113-е, абарона інвестараў — 109-е і ліквідацыя — 74-е месца.

Летась і сёлета, паведаміў Андрэй Кабякоў, праца па паляпшэнні пазіцый Беларусі ў чарговым рэйтынгу "Вядзенне бізнэсу-2011", які будзе апублікаваны ў верасні гэтага года, праводзілася ў адпаведнасці з распрацаваным рабочай групай зацверджаным планам дзеянняў. З запланаваных 47 мерапрыемстваў ужо выкананыя 23, а на стадыі выканання знаходзіцца яшчэ 21 мерапрыемства. Падчас рэалізацыі плана дзеянняў падрыхтаваныя 27 праектаў нарматыўных прававых актаў, з якіх прынятыя 15. У прыватнасці, віцэ-прэм`ер згадаў падрыхтаваны законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон Беларусі "Аб гаспадарчых таварыствах". Дакумент ухвалены двума палатамі парламента і знаходзіцца на падпісанні ў Прэзідэнта. У праект закона ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнага банка ўключаны нормы, якія прадугледжваюць патрабаванне аб раскрыцці для ўсеагульнага ведама інфармацыі аб здзелках, у здзяйсненні якіх зацікаўленыя члены савета дырэктараў, члены калегіяльнага выканаўчага органа, асобы, якія ажыццяўляюць паўнамоцтвы аднаасобнага выканаўчага органа гаспадарчага таварыства, і іх блізкіх сваякоў, за магчыма кароткі тэрмін. Праект закона прадугледжвае таксама неабходнасць неадкладнага раскрыцця інфармацыі аб любой калізіі інтарэсаў, якія ўзнікаюць у працэсе дзейнасці гаспадарчага таварыства. Па ацэнцы Мінэканомікі, прыняцце гэтага закона дазволіць Беларусі ўвайсці ў другі-трэці дзясятак краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі па абароне інвестараў.

Наогул жа, паводле ацэнкі Мін-эканомікі, аналіз прадстаўленай зацікаўленымі дзяржорганамі прамежкавай інфармацыі аб выніках працы па паляпшэнні рэйтынгу Беларусі ў справаздачы Сусветнага банка "Вядзенне бізнэсу -2011" дазволіць палепшыць пазіцыю нашай краіны з улікам рэалізаваных захадаў да 1 чэрвеня 2010 года арыенціровачна на 10 пунктаў. Гэта значыць, чакаецца наяўнасць у нашай краіны 48-га месца. Разам з тым, мяркуе Андрэй Кабякоў, больш дакладна пра месца Беларусі ў рэйтынгу можна будзе весці гутарку пасля аналізу, які правядуць эксперты Сусветнага банка, таму што іншыя краіны таксама не стаяць на месцы, і што будзе таксама ўлічвацца экспертамі. Адзначыў намеснік прэм`ера і той момант, што эксперты Сусветнага банка не ў поўным аб`ёме ўлічваюць рэформы, якія маглі б скласці аснову для ацэнкі прадпрымальніцкага клімату і вызначэння рэйтынгу краіны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра такія паказчыкі, як падаткаабкладанне, міжнародны гандаль, ліквідацыя прадпрыемстваў. Ён патлумачыў, што неабходна браць пад увагу асаблівасці методыкі падрыхтоўкі штогадовай справаздачы Сусветнага банка і крыніцы звестак, якія выкарыстоўваюцца і якія прадугледжваюць у тым ліку выбарачныя апытанні рэспандэнтаў па ацэнцы адміністрацыйнай нагрузкі ў розных сферах дзейнасці. У гэтай сувязі Андрэй Кабякоў прапанаваў зацікаўленым органам дзяржкіравання зрабіць дадатковыя захады па інфармацыйным суправаджэнні апытанняў суб`ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія праводзяцца ў рамках даследавання "Вядзенне бізнэсу".

Закранаючы адно з самых балючых пытанняў — падаткаабкладанне, віцэ-прэм`ер заўважыў, што ў Беларусі за пяць гадоў тут праведзена значная работа: адменена 26 падаткаў і плацяжоў, рэалізавана 57 сістэмных захадаў па спрашчэнні падатковай сістэмы. У такім разе, чым абумоўлены нізкі рэйтынг краіны па падаткаабкладанні? На думку Андрэя Кабякова, гэта адбываецца па некалькіх прычынах. У прыватнасці, змены ў падаткаабкладанні, якія праводзяцца ў Беларусі, улічваюцца ў справаздачы Сусветнага банка з лагам у 1 год: "тое, што мы зрабілі летась па спрашчэнні падаткаабкладання, — патлумачыў віцэ-прэм`ер, — і ўвялі з гэтага года, будзе ўлічана ў справаздачы "Вядзенне бізнэсу-2012".

Напрыканцы Андрэй Кабякоў зазначыў, што сістэмная праца па ўдасканаленні ў краіне ўмоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці і стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату будзе працягвацца. "Рэзерваў у гэтых напрамках застаецца шмат, і сёння патрабуюцца больш выніковыя і пераканаўчыя захады па стымуляванні і ўсебаковай падтрымцы бізнэс-ініцыятывы, павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны", — падкрэсліў ён. У увязі з гэтым рабочая група рыхтуе новую рэдакцыю плана захадаў па забеспячэнні ў найбліжэйшыя гады рэйтынгу Беларусі ў справаздачы Сусветнага банка "Вядзенне бізнэсу" не ніжэй за 30-ю пазіцыю. Гэты праект плана ўтрымлівае кароткатэрміновыя захады, у тым ліку і тыя, што не ўдалося выканаць у рамках папярэдняга плана, а таксама сярэднетэрміовыя. Паводле слоў намесніка прэм`ера, хутчэйшае ўваходжанне Беларусі ў лік трыццаці краін з`яўляецца арыенцірам працы па стварэнні спрыяльных умоў для ажыццяўлення інвестыцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці, а не фармальнай гонкай за дадатковымі баламі ў рэйтынгу. "Незалежна ад дасягнутых поспехаў па тых ці іншых паказчыках у справаздачах Сусветнага банка неабходна пастаяннае правядзенне рэформаў ва ўсіх сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку з улікам рэкамендацый Сусветнага банка і станоўчай практыкі іншых замежных краін", — канстатаваў ён.

Звязда 
Ігар ШЧУЧЭНКА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1140/1396
Текущая дата: 05.11.2024