Белорусский портал в Казахстане

ВА "Гомсельмаш" пачне зборку камбайнаў у Кітаі




ВА "Гомсельмаш" адправіла першую партыю машынакамплектаў для зборкі кормаўборачных камбайнаў КСК-600 на сумесным прадпрыемстве ў Кітаі.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства прамысловасці, для адпрацоўкі з замежнымі партнёрамі тэхналогіі зборкі камбайнаў, іх абслугоўвання і запуску ў эксплуатацыю створана група высокакваліфікаваных спецыялістаў.

На сумесным прадпрыемстве ТАА "Харбін Дон Цзін Гомель прадпрыемства сельскагаспадарчага машынабудавання" ў 2010 годзе плануецца вырабіць і паставіць кітайскім спажыўцам каля 100 машын. Надалей магутнасці вытворчасці будуць павялічвацца з улікам патрэб кітайскага рынку. У планах сумеснага прадпрыемства прадугледжана пашырэнне наменклатуры сельгастэхнікі.

Камбайн самаходны кормаўборачны КСК-600 "Палессе FS60" прызначаны для скошвання кукурузы ў любой фазе спеласці зерня, сланечніка і іншых высокасцябловых культур, скошвання зялёных траў і падбору з валкоў падвяленых сеяных і натуральных траў з адначасовым здрабленнем і пагрузкай у транспартныя сродкі.

Даведка БелаПАН: РУП "Вытворчае аб`яднанне "Гомсельмаш" — шматпрофільнае прадпрыемства па выпуску машын для ўрабляння і ўборкі сельскагаспадарчых культур па аграрных тэхналогіях. Тэхналагічны шэраг прадукцыі складаецца з камбайнаў і комплексаў для ўборкі зерневых, кармавых культур, цукровых буракоў і бульбы, касілак, машын для комплекснай апрацоўкі глебы.

Марына Носава, БелаПАН.  Мінск, 11 красавіка.


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1152/441
Текущая дата: 05.11.2024