Белорусский портал в Казахстане

Каму з суседзяў жыць добра



"Наша Ніва" параўноўвае цану кошыка прадуктаў у Мінску і суседніх сталіцах.

Кошт прадуктаў у суседніх сталіцахРост ВУП, змены падатку на дабаўленую вартасць і мільярдныя крэдыты ад МВФ — лічбы, далёкія ад насельніцтва. Калі да азвярэння спрачаюцца са сваяком з суседняй краіны, каму жывецца лепш, адказ шукаюць не ў статыстычных справаздачах, а ў побыце. Якую атрымліваюць зарплату, колькі аддаюць за жыллё і што могуць купіць у крамах.

( цэны ў беларускіх рублях)

 хлеб  малако  бульба  яйкі

 вараная

каўбаса

 яблыкі  бананы  сокі

 агульны

кошт

 Масква  3010  2970  1600  3710  7240  4060  5020  3020  30630
 Кіеў  2280  2190  820  4190  6370  2530  4870  2830  26080
 Мінск  2030  1560  1100  4300  6100  3930  4500  2900  26420
Вільня  2750  2640  920  4980  7870  2080  4640  3100  28980
 Варшава  2800  2580  1780  4020  5570  1740  3120  2750  24180


«НН» вырашыла разабрацца з трэцім прадметам спрэчак з пералічаных і параўнала цэны на кошык прадуктаў у звычайных прадуктовых крамах суседніх сталіц — у Мінску, Маскве, Кіеве, Вільні і Варшаве. Колькі каштуюць хлеб, малако, бульба, яйкі, каўбаса, яблыкі з бананамі і, нарэшце, сок. З усяго асартыменту абіралася самая нізкая цана, але пад увагу не браліся зніжкі і распродажы, бо яны не заўсёды дакладна адлюстроўваюць стан рынку.

Беларусы сядзяць на хлебе і малацэ

Нездарма, выпраўляючыся ў госці да сваякоў, беларусы вязуць з сабой пару боханаў «Нарачанскага» хлеба. Мала таго, што смачна, дык яшчэ і нядорага! Маскоўскі хлеб даражэйшы ў паўтара разу, непадалёк ад яго і варшаўскі з віленскім.

Беларусь славіцца яшчэ і як малочнае каралеўства. Няглядзячы на стратнасць малаказаводаў, дзяржава трымае цэны нізкімі. Дзяржаўную падтрымку сельскай гаспадаркі бэсцяць эканамісты‑лібералы, але насельніцтва цешыцца. 1560 рублёў за літр — удвая танней, чым у Маскве! Тым самым улады даюць магчымасць існаваць аршанска‑смаленскім малочным цягнікам. Выпраўляючыся штодзень на рынак у Расію, абвязаныя авоськамі са смятанай беларускія бабулькі робяць добры бізнэс. Больш зарабляюць толькі падпяразаныя спіртам у пакетах і цыгарэтамі «чаўнакі», якія ездзяць у Літву і Польшчу.

Краіна бульбы без бульбы

Як краіна, якую называюць бульбяной, прадае мараканскую бульбу замест сваёй — асобная тэма. Як і тое, што мясцовыя карняплоды не адпавядаюць патрабаванням таго ж «Макдональдса». Але факт застаецца фактам — па бульбу мінчукам можна выпраўляцца ў Кіеў ці Вільню. Там за кілаграм трэ будзе заплаціць менш за тысячу рублёў. Вядома ж, мех бульбы правезці праз мяжу будзе складана.

Здаецца, калі б палякам дазволілі заваліць усе суседнія краіны яблыкамі — яны б гэта зрабілі. 1740 рублёў за кілаграм — гэта не пабітая і недаспелая садавіна, а вялікія чырвоныя прыгажуны. Смешна сказаць, але яблыкі ў Польшчы таннейшыя за бульбу. Іншая садавіна — апельсіны з бананамі — таксама каштуе ў палякаў менш, чым у суседзяў. У тую ж катэгорыю здаровага харчавання можна аднесці і сокі.

Замест мяса — яйкі

Няглядзячы на шматлікія скаргі расіян на няякаснае мяса, іх цэны нават на такую не надта смачную каўбасу вельмі высокія. Паўкілаграма варанай — у якой часам няма ніякага мяса, а толькі адна соя — абыдзецца ў 7240 рублёў. Паляк за тыя ж грошы купіць сабе не 500, а 650 грамаў каўбасы.

Адзінае, чым могуць ганарыцца расіяне — яйкі. У гэтай намінацыі яны атрымалі заслужанае першае месца. Праўда, адзінае. Усе астатнія прадукты ў Маскве даражэйшыя, чым у Мінску.

Залатая сярэдзіна

Такім чынам, параўнаем кошыкі.
Самы танны ён аказаўся ў Варшаве — 24 180 рублёў.
Мінск і Кіеў прыкладна на адным узроўні — па 26 тысяч рублёў.
Віленскі кошык цягне амаль на 29 тысяч. А вось шматмільённая Масква нездарма лічыцца дарагім горадам — заканамернае апошняе месца ў рэйтынгу з 30600 рублёў.

Праўда, акцыі і распродажы, якія мы прадбачліва не ўлічвалі, кажуць не на карысць беларускай сталіцы. Сокі — вось, у прынцыпе, і ўсё, на што пакупнікі могуць атрымаць зніжкі ў Мінску. 1990 рублёў за літр — норма для беларускіх гіпермаркетаў.

У астатніх сталіцах інакш. Віленцы часам жывуць ад распродажу да распродажу. «Уваходзім ў гіпермаркет і бачым — сёння ¬50%‑я зніжкі на курыцу, рыс і шакалад. Значыцца, на бліжэйшы тыдзень наша меню прадвызначанае», — смяюцца студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

А вось заробкі і кошт жылля ў гарадах — пытанні, якія таксама істотна ўплываюць на дабрабыт насельніцтва, стануць тэмамі наступных параўнальных аналізаў.

Наша Ніва
  Яўген Васількоў
  4 красавiка 2010



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/1163/365
Текущая дата: 23.12.2024