Белорусский портал в Казахстане

Развітанне з беларускім драматургам Аляксеем Дударавым пройдзе 1 сакавіка ў Доме афіцэраў



Развітанне з беларускім драматургам Аляксеем Дударавым пройдзе 1 сакавіка ў сталічным Доме афіцэраў, паведамляе Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

«Развітанне адбудзецца заўтра з 14.00 да 15.00 у Доме афіцэраў. Адпяванне — у 12.30 у Свята-Елісавецінскім манастыры», — адзначылі ў саюзе.

Пахаваюць вядомага драматурга на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска.

Аўтар знакамітых «Белых рос» і «Радавых» Аляксей Дудараў пайшоў з жыцця 27 лютага на 73-м годзе.

Аляксей Ануфрыевіч Дудараў нарадзіўся 6 чэрвеня 1950 года ў вёсцы Клёны Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Наваполацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы нафтавікоў, некаторы час працаваў на заводзе.

У 1972 годзе паступіў на тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які скончыў у 1976 годзе. У тым жа годзе быў запрошаны ў Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача і з 1978 па 1983 год кіраваў літаратурнай часткай тэатра. З 1991 па 2002 год Аляксей Дудараў з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва», у 2001 годзе стаў мастацкім кіраўніком тэатра-студыі «Вольная сцэна» пры Саюзе тэатральных дзеячаў Беларусі, з 2003 па 2013 год быў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра беларускай арміі. З 1992 года ўзначальваў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

Звязда, 28 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/119/68590
Текущая дата: 07.10.2024