Белорусский портал в Казахстане

«З казкай па жыцці». Выстава да 90-годдзя вядомага кніжнага ілюстратара Алены Лось прадстаўлена ў НББ



Аб гэтым паведамляецца на сайце НББ.

Кніжна-мастацкая выстава «З казкай па жыцці», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння вядомага ў Беларусі і за межамі краіны кніжнага ілюстратара, станковага графіка Алены Лось (1933-2013) прадстаўлена ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

З імем Алены Лось звязана залатое дзесяцігоддзе беларускай кніжнай ілюстрацыі (1970-я гады). Яе работы ўвайшлі ў другі том энцыклапедыі «Савецкая кніжная ілюстрацыя», дзе былі прадстаўлены лепшыя ілюстратары савецкага часу.

Мастачка пакінула багатую творчую спадчыну. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца каля 200 выданняў, аформленых Аленай Лось, і каля 40 эстампаў. Дакументы, якія прадстаўлены на выставе, адлюстроўваюць адну з галоўных асаблівасцяў яе творчасці. Для дзяцей большасць яе твораў — казачная праўда, а для дарослых — нязгаснае святло  дзяцінства. У асабістым жыцці мастачкі было шмат смутку і трагізму, аднак казка была надзейным спадарожнікам і выратавальнікам ад невясёлай будзённасці.

У першай вітрыне экспануецца сапраўдны рарытэт — першая кніга, аформленая Аленай Лось, — «З добрай раніцай» Г. Шманя (1958). Таксама ёсць выданні, якія ўпрыгожвала мастачка разам з мастаком і мужам Гары Якубенем. Сярод іх — казка «Каза-манюка», першая ілюстраваная кніжка творчага дуэта (1961), паэтычныя зборнікі У. Караткевіча, М. Танка, Я. Пушчы і інш. Творчай манеры Гары Якубені ўласцівая экспрэсіўнасць вобразаў, а ў лініях малюнкаў і стрыманым каларыце бачная рука Алены Лось. Вылучаецца ў іх творчым тандэме афармленне казкі «Залатая яблынька» (1962). Мастакі аформілі пераплёт, тытул, выканалі 17 ілюстрацый у новай для іх тэхніцы — лінарыце, падфарбаваным гуашшу. Са старонак непаўторнымі галасамі «загаварылі» палескія пейзажы і дамы, а сялянскае адзенне папоўнілася незвычайнымі ўборамі. Заслугоўвае ўвагі тое, што да гэтага твору мастачка звернецца яшчэ праз 10 гадоў. На падставе гэтых ілюстрацый была створана серыя літаграфій для дзіцячых садкоў па беларускіх народных казках «Разумная дачка», «Залатая яблынька», «Андрэй за ўсіх мудрэй», «Ох і залатая табакерка» і інш., частка з якіх прадстаўлена ў экспазіцыі.

У шэрагу асаблівых выданняў выставы — кніга «Дзесяць дзён у Барку» (1984). Па-першае, аўтарам апавяданняў, апублікаваных побач з ілюстрацыямі, з’яўляецца сама мастачка. У аснову кнігі лёг матэрыял, сабраны ёю падчас паездак у вёску Млынок на беразе Прыпяці. Па-другое, кніга ўражвае сваім каляровым рашэннем. Яно стрыманае і разам з тым багатае рознымі адценнямі. Самая галоўная каштоўнасць кнігі — яе паэтычная, высокая праўдзівасць у паказе жыцця палескай вёскі.

За дзесяцігоддзі творчага служэння беларускай кнізе Алена Лось упрыгожыла цэлую бібліятэчку самых розных выданняў. На выставе яны прадстаўлены ў раздзелах «Народныя казкі на мальберце» і «Літаратурныя казкі на мальберце». Гэта зборнікі казак і калыханак, «Слова пра паход Ігараў», кнігі Алеся Якімовіча, Васіля Віткі, Змітрака Бядулі, Авяр’яна Дзеружынскага, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і інш.

У мастацкай экспазіцыі прадстаўлены эстампы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі: работы Алены Лось да беларускіх і рускіх народных казак, твораў Карнея Чукоўскага і Агніі Барто, створаныя ў 1970-1980-я гады.

Графічнаму почырку Алены Георгіеўны ўласціва яркая маляўнічасць, узнёслая мажорнасць эмацыйнага настрою. Ва ўсім адчуваецца казачнасць, жыццёвасць і ў той жа час абагульненне, жаданне адлюстраваць навакольны свет светлым і радасным. Дзеці малююцца ў арганічным адзінстве з прыродай, жывёльным светам. Яна месцамі ўмоўна стылізуе вобразы дзяцей, жывёл, птушак. Маленькія героі свядома дадзены буйным планам, набліжаны да гледача.

Экспазіцыя дазваляе адчуць, што дзіцячая кніга давала магчымасць мастачцы пагрузіцца ў казачны свет, бясконца гуляць з героямі, іх знешнім выглядам, абставінамі існавання. Творы Алены Лось, напоўненыя незвычайнай прыгажосцю і цеплынёй, і сёння прыцягваюць увагу маленькіх чытачоў.

Акрамя кніжнай графікі на працягу ўсяго творчага шляху Алена Лось захаплялася нацюрмортамі, дзе яна праявілася як выдатны каларыст. Таксама ў яе было любімы занятак — ствараць лялек з штурхача для бульбы. Яна лічыла, што менавіта яны дораць ёй творчы настрой і натхненне, праганяюць смутак. Серыя лялек "Паненкі " стваралася ў перыяд з 1997 па 2000-я гады. Сёння іх можна знайсці ў прыватных калекцыях мастакоў, пісьменнікаў, музейшчыкаў, бібліятэкараў — усіх, хто калісьці завітаў на творчы востраў Алены Лось. Адна з такіх лялек прадстаўлена на выставе.

Выстава будзе працаваць да 10 сакавіка.

Звязда, 23 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/127/68112
Текущая дата: 07.10.2024