Белорусский портал в Казахстане

Сімвал вернасці выбранай справе: падраздзяленням МНС уручылі харугвы



Напярэдадні Дня ратавальніка ў царкве Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Тарасава Мінскага раёна мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі ўручылі абласным падраздзяленням МНС духоўныя сцягі - харугвы.

"Ужо хутка будзе два гады, як мы з Беларускай праваслаўнай царквой падпісалі пагадненне аб узаемадзеянні. У прыватнасці, размова ідзе аб духоўна-маральным выхаванні асабовага складу, падтрымцы нашых работнікаў у час правядзення сур`ёзных і рызыкоўных аварыйна-выратавальных работ. Сам сцяг, харугва, увасабляе вернасць аднойчы выбранай справе - служэнню сваёй Айчыне. І духоўнае суправаджэнне нашых работнікаў - гэта не што іншае, як дапамога ў вырашэнні складаных і шматгранных задач па ліквідацыі надзвычайных сітуацый", - сказаў Вадзім Сіняўскі.

Міністр адзначыў, што ратавальнікі пастаянна рызыкуюць жыццём. Баявыя падраздзяленні МНС выконваюць задачы па ажыццяўленні бяспекі кругласутачна, і ўнутраная перакананасць у правільнасці выбранага шляху, у тым што прафесія ратавальніка неабходная для грамадства і дзяржавы, вельмі важная. "Калі чалавек ступае ў агонь, ратуючы бліжняга, ён аб гэтым не думае. Але рыхтуючыся да выканання такіх задач, ён павінен быць духоўна моцны", - перакананы Вадзім Сіняўскі.

Мітрапаліт Веніямін падкрэсліў, што харугва, або воінскі сцяг, заўсёды натхняў тых, хто нясе службу Айчыне. "МНС мае патрэбу ў духоўным сімвале, які мог бы паслужыць жывым напамінам супрацоўнікам аб высокім прызначэнні іх работы. З другога боку, гэта дапамагае асэнсаваць, што бываюць сітуацыі, калі вельмі патрэбна дапамога звыш. Не ўсё вырашае толькі прафесіяналізм, хоць ён вельмі неабходны. Тут ёсць два складнікі: прафесіяналізм супрацоўнікаў МНС і Божае благаславенне, каб спарней ішла справа і быў вынік", - перакананы мітрапаліт Веніямін.

16 студзеня 2023, Мінскі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/129/67987
Текущая дата: 07.10.2024