Белорусский портал в Казахстане

Чырвоны Крыж перадаў бальніцы ў Віцебскім раёне пад’ёмнік для інвалідаў-калясачнікаў



Пра гэта паведаміла старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава.

Чырвоны Крыж перадаў Бабініцкай бальніцы сястрынскага догляду філіяла № 7 Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі пад’ёмны прыбор для перамяшчэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі. 

«У Бабініцкай бальніцы сястрынскага догляду ў цяперашні час няма ліфтаў, існуюць складанасці пры дастаўцы пацыентаў на шпацыр. Наяўнасць пад’ёмніка для перамяшчэння інвалідаў-калясачнікаў дапаможа вырашыць гэтую праблему і стварыць неабходныя ўмовы. Акрамя таго, у бальніцы шмат ляжачых пацыентаў, мы плануем, што цяпер валанцёры змогуць ажыццяўляць з імі прагулкі», — сказала кіраўніца абласной грамадскай арганізацыі. Кошт пад’ёмнай прылады складае Br8,5 тыс.

Па словах Галіны Жаланавай, Чырвоны Крыж плённа супрацоўнічае з дзяржаўнымі лячэбнымі ўстановамі, аказвае дапамогу ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.

«Да Новага года мы змаглі перадаць у восем рэгіёнаў інвалідныя каляскі для цэнтральных раённых бальніц. Толькі за некалькі апошніх месяцаў аказалі дапамогу па ўмацаванні матэрыяльнай базы медустановам рэгіёна на Br25 тыс — інвалідныя каляскі, памперсы, пад’ёмная прылада. Зараз будзем весці перамовы з нямецкім Чырвоным Крыжам. Дапаможам бальніцам сястрынскага догляду памперсамі — гэта істотная падтрымка па лініі замежнай бязвыплатнай дапамогі, якая паступае ў Віцебскую абласную арганізацыю. У снежні мы ўжо перадалі памперсы тром бальніцам сястрынскага догляду ў Сенненскім раёне, і ў гэтым годзе плануем падобную пастаўку», — дадала яна.

Абласное аддзяленне Чырвонага Крыжа працягне рэалізоўваць сумесныя праекты з галоўным упраўленнем па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама. «Ідуць і сацыяльныя заказы, арганізацыя выйграла тэндэр на абслугоўванне людзей, якія жывуць з ВІЧ. Нашы медыцынскія сёстры абслугоўваюць такі кантынгент у Оршы, Віцебску, Полацку, Наваполацку. Таксама аказваецца паліятыўная дапамога дома. Сфера паслуг пашыраецца. Мы бачым, што праца Чырвонага Крыжа запатрабаваная, — адзначыла Галіна Жаланава. — Адносна сацыяльных заказаў: калі раней мы працавалі ў чатырох раёнах Віцебскай вобласці, то цяпер іх будзе дзевяць. Паслугамі ахапілі сельскую мясцовасць, напрыклад, кропкі ў Сенненскім, Лёзненскім, Чашніцкім, Глыбоцкім раёнах. Там будуць працаваць нашы медыцынскія сёстры па сацзаказе па догляду за пажылымі людзьмі, якія маюць 4-ю і 3-ю ступень страты здароўя. У нас і іншыя праекты, такія як вакцынацыя насельніцтва, валанцёрскі кампанент. Да месца правядзення вакцынацыі валанцёры змаглі даставіць 10,5 тыс. пажылых людзей ва ўзросце ад 60 гадоў і старэй. Нашы праграмы і праекты ў гэтым годзе будуць развівацца і пашырацца».

Цырымонію перадачы медыцынскага абсталявання прымеркавалі да 85-годдзя з дня заснавання Віцебскай вобласці. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва рэгіёна, галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя, абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа.

Звязда, 16 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/129/68024
Текущая дата: 07.10.2024