Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі канфіскавалі з абароту небяспечныя партыі харчовай прадукцыі



Аб гэтым паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Каб забяспечыць абарону правоў спажыўцоў у плане бяспекі той ці іншай харчовай прадукцыі для жыцця і здароўя насельніцтва, санітарна-эпідэміялагічная служба на пастаяннай аснове рэалізуе комплекс мер па спыненні звароту небяспечнай харчовай прадукцыі.

Па выніках прынятых аператыўных дзеянняў органамі і ўстановамі дзяржсаннагляду з абароту канфіскаваныя небяспечныя партыі харчовай прадукцыі. У ліку такіх, у прыватнасці, апынуліся вафлі шакаладныя "Благорушка" (Расія). У складзе прадукцыі ўтрымліваецца кансервант (сарбінавая кіслата), звесткі аб якім не вынесеныя на маркіроўку. Аналагічная сітуацыя тычыцца цукатаў кумквата (Кітай) і цукатаў папаі «Кубікі мікс» (Тайланд) — тут выяўлены фарбавальнікі, звесткі пра якія не былі вынесеныя на маркіроўку.

У складзе прадукцыі «Виноград сушеный желтый 1-й сорт» (Узбекістан) ёсць кансервант (дыаксід серы), а ў фруктова-ягадным натуральным паўсалодкім чырвоным слабаалкагольным гранатавым віне «Айрум» (Арменія) — фарбавальнік, і гэтыя звесткі таксама не былі пазначаныя.

Спынены зварот натуральных рыбных кансерваў печані траскі (Расія), паколькі на паверхні кавалачкаў печані выяўленыя лічынкі паразітаў.

У сумесі агародніннай хутказамарожанай «Мексиканская» ТМ GUSTO (Польшча) і сумесі агародніннай хутказамарожанай «Гавайская», «Мексиканская» (Расія), фініках сушаных з костачкай (Туніс) выяўленыя бактэрыі групы кішачнай палачкі.

Перавышаным аказалася дапушчальнае значэнне мікрабіялагічнага паказчыка цвілі ў партыях арэха грэцкага вычышчанага (ядро) (Кітай), фінікаў сушаных без костачкі (Іран), вінаграда сушонага чорнага 2-га гатунку (Узбекістан), міндаля смажанага «Эконом» (Літва).

А дапушчальнае ўтрыманне таксічнага элемента «кадмій» перавышана ў партыях казінакаў сланечнікавых «Восточные сладости» тыпу карамелі, выпушчаных двума расійскімі вытворцамі.

Звязда, 17 сакавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/13/73106
Текущая дата: 18.06.2024