Белорусский портал в Казахстане

Анатоль Ісачанка павіншаваў юных выдатнікаў, спартсменаў і актывістаў на абласной дзіцячай ёлцы



Удзельнікамі сталі 600 дзяцей з ліку пераможцаў прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, выдатнікаў вучобы, актывістаў піянерскага руху.

Свята прайшло 28-га снежня у Палацы культуры вобласці.

Для дзяцей тут сёння гучалі песні і віншаванні, кружыў вясёлы казачны карагод вакол ззяючай агеньчыкамі ёлкі, жадалі поспехаў Дзед Мароз са Снягуркай. Ад імя кіраўніцтва вобласці дзяцей павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

— Навагодняе свята — гэта перыяд цудаў, казачнасці, дабра, — звярнуўся ён да юных удзельнікаў мерапрыемства. — Гэта любімае ўсімі свята, якое застаецца ў нашых сэрцах з самага дзяцінства. І мне вельмі прыемна бачыць у гэтай святочнай зале вашы шчырыя ўсмешкі і шчаслівыя вочы. Вы тыя, хто нягледзячы на такі юны ўзрост, ужо шмат чаго карыснага зрабілі ў сваім жыцці. Вы наша будучае, ад вас залежыць, якім мы яго ўбачым. Дзяржава стварае ўсё неабходнае для рэалізацыі вашых здольнасцяў. У вас ёсць магчымасць выбраць любую прафесію, каб адчуць упэўненасць у заўтрашнім дні. 

Старшыня аблвыканкама асабіста ўручыў падарункі некалькім падлеткам, якія падняліся для гэтага на сцэну. Без навагодніх баулаў не застаўся ніхто. Гэтыя сюрпрызы загадзя былі расстаўлены ў зале пад крэсламі юных гледачоў. Яны таксама атрымалі ў падарунак інтэрактыўнае навагодняе падарожжа «Чароўныя сны», якое для іх падрыхтавалі артысты Палаца культуры вобласці.

Нэлі Зігуля
Звязда, 28 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/134/67700
Текущая дата: 08.10.2024