Белорусский портал в Казахстане

Інтэрактыўная выстава «Чараўніцтва навагодняй казкі» адкрыецца ў Магілёве



Інтэрактыўная выстава «Чараўніцтва навагодняй казкі» адкрыецца 21-га снежня ў Магілёве, паведамілі ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва.

«Незвычайная навагодняя экспазіцыя стала вынікам творчай кааперацыі Музея гісторыі Магілёва, а таксама абласных лялечнага і драматычнага тэатраў, — адзначылі ва ўстанове культуры.  —  Праграма выставы разлічана на сямейны адпачынак і будзе цікавая як дзецям, так і дарослым. Кожны наведвальнік акунецца ў атмасферу казкі, навагодняга цуду і любімага ўсімі свята, а таксама атрымае зарад станоўчых эмоцый. Дарэчы, такое мерапрыемства мы праводзім упершыню. Спадзяёмся, незвычайны фармат спадабаецца ўсім нашым гасцям».

На працягу дзесяці дзён, аж да 31 снежня, у выставачнай зале арганізуюць некалькі займальных заняткаў. Так, акцёры будуць чытаць навагоднія казкі, дэманстраваць лялькі і тэатральны рэквізіт, майстры і ўмельцы правядуць серыю майстар-класаў па тэмах «Самая арыгінальная елка», «Крэатыўны валёнак», «Гламурныя рукавіцы» і «Ёлачная Цацка», музейныя работнікі падрыхтавалі тэматычны занятак «Навагодняе падарожжа». Акрамя таго, жыхароў Магілёва і гасцей горада чакаюць віктарыны, гульні і загадкі, для аматараў сэлфі будзе арганізавана святочная фотазона.

Звязда, 21 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/137/67547
Текущая дата: 08.10.2024