Белорусский портал в Казахстане

Беларусы разумеюць каштоўнасць гістарычных фактаў і не дазволяць перапісаць нашу гісторыю



Пра гэта заявіў першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Аляксей Сокал на ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка У.І.Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску з нагоды святкавання 105-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі

«Мы адзіныя засталіся на постсавецкай прасторы, дзе адзначаецца гэтае свята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. І сёння прыемна, што мы адзначаем 105-ю гадавіну. Кастрычніцкая рэвалюцыя заклала асновы для нашай краіны. Пасля рэвалюцыі мы атрымалі сваю тэрытарыяльную цэласнасць, дзяржаўнасць і вялікі імпульс да развіцця — індустрыяльны, навуковы, культурны. Гэта значыць па ўсіх напрамках наша краіна пачала развівацца. Гэты падмурак і на сённяшні дзень служыць апорай для нашага сучаснага развіцця», — сказаў Аляксей Сокал.

Паводле яго слоў, тыя ідэі, якія вызначыла Кастрычніцкая рэвалюцыя, сёння яшчэ больш актуальныя. «Вы бачыце, што адбываецца. Захад адкрыў скрыню Пандоры. Фактычна ўсюды ідуць ваенныя дзеянні. Захад выкарыстоўвае Украіну супраць Расіі, Тайвань — супраць Кітая. І тыя падзеі, якія ў нас былі ў 2020 годзе, — гэта чарговае распальванне вайны. Нашу краіну хацелі зрабіць антырасійскай, пасварыць, разбурыць Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Таму на сённяшні дзень кіраўніком дзяржавы і нашым народам робіцца ўсё для таго, каб кансалідаваць наша грамадства, згуртавацца» — адзначыў першы сакратар ЦК КПБ.

«Мы цэнім той досвед, які прыйшоў да нас з мінулых часоў, і мы не хочам гэтага дапусціць, — дапоўніў Аляксей Сокал. — Я лічу, што справа сацыялізму будзе жыць і развівацца. І таму сёння столькі людзей прысутнічае тут. Беларусы рэальна разумеюць, якая каштоўнасць закладзеная ў гістарычны факт. І мы не дазволім нашу гісторыю перапісаць».

Звязда, 7 лістапада 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/147/67013
Текущая дата: 08.10.2024