Белорусский портал в Казахстане

Нельга дапускаць спроб замаху на нашу нацыянальную ідэнтычнасць



Аб гэтым заявіў аспірант Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Ігар Галіноўскі. Малады гісторык стаў удзельнікам пасяджэння пастаянна дзеючага моладзевага форуму "Беларусь памятае!" у Палаце прадстаўнікоў.

У сучасных палітычных умовах барацьбы за сваю гістарычную спадчыну важна не толькі папулярызаваць памяць аб гераічным мінулым беларусаў, але і адказна падыходзіць да падрыхтоўкі прафесійных гісторыкаў, вучоных, здольных не толькі вывучаць, але і прапагандаваць гістарычныя факты, выхоўваць у моладзі павагу да сваёй гісторыі і краіны. Менавіта таму ў сценах Дома ўрада сабраліся маладыя гісторыкі - аспіранты, магістранты гістарычных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі форуму абмеркавалі барацьбу беларускага народа за сваё права жыць у адзінай дзяржаве, а таксама далі ацэнку спробам сучасных польскіх палітыкаў і гісторыкаў прадаўжаць экспансіянісцкую палітыку ў адносінах да Беларусі з прыняццем адпаведнай рэзалюцыі.

"17 верасня - знамянальны дзень уз`яднання тэрыторыі Беларусі, а таксама важны палітычны адказ у сучасных рэаліях, які мы прадастаўляем дзяржавам-апанентам, якія любяць паквапіцца на нашу нацыянальную ідэнтычнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і культуру нашага народа ў цэлым. Як мы цудоўна ведаем, пасля Рыжскага мірнага дагавора Заходняя Беларусь знаходзілася ў прыгнечаным стане. Разбуралася нацыянальная ідэнтычнасць, знішчалася ў цэлым беларуская культура, адбывалася поўнае апалячванне. Я, як беларус, не магу гэта спакойна ўспрымаць. Я вельмі рады, што цяпер у нас ёсць такое свята, якое дае магчымасць аб`яднаць наш народ", - сказаў Ігар Галіноўскі.

Акрамя таго, сёння ў парламенце адбылася прэзентацыя выстаўкі Нацыянальнага архіва, прысвечанай акупацыі тэрыторый Заходняй Беларусі палякамі. Паводле слоў удзельніка форуму, неабходна больш расказваць аб тым, што адбывалася ў гэты перыяд, асабліва моладзі.

"На мой погляд, неабходна масавае асвятленне таго, што адбывалася. Палякі заснавалі адзін з першых канцлагераў на тэрыторыі Беларусі - у Бярозе-Картузскай, і аб гэтых зверствах мала хто гаворыць", - дапоўніў малады гісторык.

Вынікам моладзевага форуму "Беларусь памятае!" стала прыняцце рэзалюцыі.

14 верасня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/155/66506
Текущая дата: 08.10.2024