Белорусский портал в Казахстане

Мастакоў з 7 краін аб`яднае міжнародны пленэр па жывапісу «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве»



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.

15-30 верасня адбудзецца XXVI міжнародны пленэр па жывапісу «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве», які праводзіцца штогод з 1996 года Магілёўскім абласным мастацкім музеем імя Масленікава і прысвячаецца выбітным дзеячам культуры або значным падзеям у гісторыі нашай краіны, 

У бягучым годзе пленэр прысвечаны Году гістарычнай памяці. Арганізатарам з’яўляецца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

За 25 гадоў правядзення пленэру ў ім прынялі ўдзел больш за 500 мастакоў з 37 краін свету. У XXVI міжнародным пленэры па жывапісу сваё майстэрства прадэманструюць 18 мастакоў з 7 краін: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана. Прычым прадстаўнік Кыргызстана ўпершыню ўдзельнічае ў пленэры. Разам з масцітымі заслужанымі майстрамі пэндзля ў пленэры удзельнічаюць зусім маладыя мастакі, што сімвалізуе пераемнасць пакаленняў, захаванне традыцый рэалізму  ў жывапісе. Выяўленчы мастацтва настолькі аб’ядноўвае творцаў, што ў XXVI пленэры будуць прымаць удзел сямейныя пары.

Мастакі наведаюць значныя гістарычныя месцы Магілёўскай вобласці. Гэта мемарыяльныя комплексы «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» і «Буйніцкае поле», новы храм у гонар Раства Іаана Прадцечы, Быхаўскі замак, сінагога XVII стагоддзя, жаночы манастыр у гонар Узнясення Гасподняга, помнік воінскай славы — Курган неўміручасці; Спаса-Праабражэнская царква, Трафімава крыніца, музей — клас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Якім будзе вынік натхнення майстроў — стане вядома ў ходзе іх выяўленчай творчасці.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне удзельнікаў будзе праводзіцца па намінацыях «Гістарычны партрэт», «Архітэктура — музыка ў камені», «Паэзія пейзажу», «Вехі слаўнага шляху».

Па выніках пленэру будзе прадстаўлены выставачны праект з дэманстрацыяй у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленікава, у мастацкіх музеях Бабруйска і Мінска.

Звязда, 14 верасня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/155/66512
Текущая дата: 08.10.2024