Белорусский портал в Казахстане

Адчуць атмасферу шляхецкага двара. Літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі» пройдзе 24 верасня



Традыцыйны літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі» пройдзе 24 верасня ў Музеі-сядзібе Міцкевічаў «Завоссе», паведамілі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Мерапрыемства ладзіцца сумесна з Баранавіцкім раённым выканаўчым камітэтам пры ўдзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Завоссе — месца, добра знаёмае беларусам, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю. Нягледзячы на сваё аддаленае становішча і невялікія памеры, вёска Завоссе вядомая не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. А ўсё таму, што тут нарадзіўся адзін з найвялікшых геніяў чалавецтва — паэт Адам Міцкевіч. Светлы цень нашага земляка, яго слава і справа і сёння служаць гонарам беларускага народа, прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне.

Сярод пакрытых чаротам драўляных будынкаў наведвальнікі змогуць адчуць атмасферу шляхецкага двара другой паловы ХVІІІ ст., даведацца пра жыццё і побыт беларускіх шляхціцаў, у тым ліку і прадстаўнікоў сям’і знакамітага паэта, дакрануцца да літаратурнай і музычна-спеўнай спадчыны той пары.

Як і штогод, у межах свята рыхтуецца насычаная праграма, разлічаная на розны густ і ўзрост. Гасцей свята чакаюць займальныя лекцыі, цікавыя экскурсіі па сядзібе, выступленні літаратараў, праграма мастацкай самадзейнасці, бібліятэчная пляцоўка, мастацкі пленэр, выставы, квэсты, гульні, майстар-класы.

Таксама ў праграме — інтэрактыўная пляцоўка гістарычнай анімацыі ад рэканструктара Юрыя Усціновіча, паэтычны канцэрт-пачастунак на словы Адама Міцкевіча і яго сяброў-філаматаў у выкананні салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік і музыказнаўцы Святлены Немагай, выступленне фолк-рок гурта «Тутэйшая шляхта». Завершыцца праграма выступленнем арт-гурта «Беларусы».

Падчас фестывалю будуць працаваць кропкі харчавання і рамесніцкі кірмаш.

Звязда, 13 верасня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/156/66489
Текущая дата: 08.10.2024