Белорусский портал в Казахстане

Захоўваць гістарычную памяць аб трагедыі беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны важна, каб не дапусціць вяртання нацызму на нашу зямлю



Такое меркаванне выказаў генеральны пракурор Андрэй Швед у час вымання з зямлі астанкаў мірных жыхароў на месцы іх расстрэлу паблізу вёскі Слабада Бешанковіцкага раёна.

На месцы масавай гібелі жыхароў вёсак Слабада і Бортнікі, якіх акупанты расстралялі восенню 1942 года, падняты ўжо астанкі каля 80 чалавек. Паводле папярэдніх даных, атрыманых у час расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, тут былі забіты больш за 350 мужчын, жанчын і дзяцей.

Знайсці гэта раней невядомае пахаванне ўдалося дзякуючы паказанням жыхара вёскі Слабада. Ён ведаў са слоў старажылаў, што ва ўрочышчы пад назвай Лісіныя Норы ў кастрычніку 1942 года фашысты ўчынілі страшэннае злачынства супраць мірных хыхароў. У дзве ямы, якія прымусілі капаць мясцовых мужчын, скідалі асобна целы мужчын і жанчын з дзецьмі. Выпадкова выжылі больш за 10 чалавек, якія тады не знаходзіліся ў вёсцы.

Цяпер у лясным масіве вядуцца раскопкі, пачатыя ў сярэдзіне жніўня, і прадаўжацца яны будуць, пакуль дазваляюць умовы надвор`я. Устанавіць дэталі дапамогуць судовыя экспертызы, якія назначаць пасля вымання з зямлі ўсіх астанкаў.

"Такіх мясцін, дзе адбываліся такія трагедыі, у Беларусі тысячы. І да той пары, пакуль мы не аддадзім даніну памяці ўсім загінулым, пакуль кожны беларус не будзе ведаць, чаму гэта адбывалася, гэта можа паўтарыцца зноў, што і адбываецца ў некаторых замежных краінах. Гэта месца з цяжкасцю знайшлі, гэта стала магчыма дзякуючы карпатлівай рабоце следчых груп, таму што мы сталі апытваць яшчэ жывых сведак, і яны называюць нам новыя месцы. Мы не толькі захоўваем гістарычную памяць, але і разумеем, з кім маем справу ў сучасным свеце - з новымі фашыстамі, тымі, хто хоча зноў усталяваць сваё панаванне. І разумеем, што трэба рабіць усё, каб з імі змагацца, каб народ жыў добра, каб у нас і нашых дзяцей была мірная будучыня, і нацысты не вярнуліся", - падкрэсліў Андрэй Швед.

Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадаўжаецца, дапытаны ўжо больш за 14,5 тыс. сведак. З іх палавіна - вязні або іх сваякі. Ёсць звесткі аб больш як 460 раней невядомых месцах масавых пахаванняў.

8 верасня 2022, Бешанковіцкі раён
Алеся Пушнякова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/157/66405
Текущая дата: 08.10.2024