Белорусский портал в Казахстане

Больш за 90 здымкаў аб гісторыі Беларускага экзархата ад старажытнага Полацка 992 года і да нашых дзён прадстаўлены на фотавыставе ў Мінску



26 жніўня 2022 года на пляцоўцы каля Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска (Верхні горад) у рамках урачыстасцяў прадстаўлена фотавыстава «Сувязь часоў: да 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях», паведамляецца на сайце Беларускай праваслаўнай царквы.

Экспазіцыя падрыхтавана Сінадальным інфармацыйным аддзелам Беларускай праваслаўнай царквы. Азнаёміцца з матэрыяламі выставы можна да 20.00.

На 11 стэндах прадстаўлены 92 фотаздымкі, якія апавядаюць аб гісторыі Беларускага Экзархата, пачынаючы з старажытнага Полацка 992 года, аж да нашых дзён. «Прадстаўленая рэтраспектыва паказвае тую непарыўную сувязь, якая існуе паміж падзеямі мінулых дзён і сучаснасці, паміж жыццём царквы нябеснай і царквы зямной», — адзначаецца ў паведамленіі.

Гледачы змогуць убачыць такія захаваныя на фота важныя падзеі як на падмурку старажытнага тураўскага храма XII стагоддзя ў дзень памяці беларускага Залатавуста, Свяціцеля Кірылы Тураўскага, біскупамі Беларускага Экзархата здзяйсняецца Боская Літургія; вернікі моляцца ў сценах цудоўнай Полацкай Сафіі, якая хавае ў сваіх нетрах падмурак старажытнай праваслаўнай царквы XI стагоддзя, а ў сваёй гісторыі — знакаміты аб’яднаўчы Полацкі сабор 1839 года; у 1999 годзе 23 святара Мінскай епархіі былі прылічаныя Беларускай Праваслаўнай Царквой да ліку новапакутнікаў і інш.

Крыніцамі фотаматэрыялаў выставы для складальнікаў сталі архівы фотаслужбы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, Полацкай епархіі, Гродзенскай епархіі, Мінскай духоўнай семінарыі, полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра, братэрства ў гонар святога Архістратыга Міхаіла горада Мінска, прыходу Петра-Паўлаўскага сабора Мінска, сходу Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а таксама здымкі інфармацыйнага партала «Планета Беларусь», адкрытых электронных і друкаваных рэсурсаў.

Выстава ў далейшым будзе дэманстравацца ў епархіях Беларускай праваслаўнай царквы.

Звязда, 26 жніўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/159/66268
Текущая дата: 09.10.2024