Белорусский портал в Казахстане

Беларусь, Казахстан, Італія, Узбекістан. Вызначыліся прэтэндэнты на ўзнагароды дзіцячага конкурсу "Славянскага базару"



Максімальны бал на першым канцэрце міжнароднага дзіцячага конкурсу "Славянскага базару ў Віцебску" набралі чатыры ўдзельнікі. Усе 15 юных артыстаў выканалі песні кампазітараў сваёй краіны на роднай мове.

Гучна і ўпэўнена адкрыў дзіцячы музычны конкурс васільковага фестывалю беларус Елісей Касіч. Ён прадставіў на суд гледача і журы кампазіцыю "Неба пажар" Валерыя Шмата. Юны артыст атрымаў магутную падтрымку залы, сарваўшы авацыі, а потым і вельмі прыемную ацэнку музычных суддзяў - максімальную колькасць балаў - 70. Хоць раней беларус і гаварыў, што прыкладзе максімум намаганняў для перамогі, выніку ён здзівіўся. Але тут жа адзначыў: наперадзе другі дзень вакальнага спаборніцтва, і расслабляцца ні ў якім разе не трэба.

Усе дзясяткі ў сваім конкурсным "дзённіку" атрымаў і Алінур Хамзін. І гэта нядзіўна - у яго родным Казахстане заўсёды праходзяць сур`ёзныя адборы на васільковы фестываль, і прадстаўнікі гэтай краіны нярэдка вязуць з Віцебска прэміі і гран-пры конкурсаў. "Я праспяваў крута, але можна было яшчэ лепш. Мая песня была пра казахскі народ, пра свабоду казахаў", - сказаў юны артыст. Ён паспеў пасябраваць ужо з канкурсантамі з Узбекістана, Егіпта і Арменіі.

Найвышэйшым адзнакам журы парадаваліся італьянка Элізабет Спаранья і Фірдаўс Авезаў з Узбекістана. Расіянка Юлія Гаўрылава ўступіла ім усяго адзін бал. Дзяўчына напоўніла залу цыганскімі напевамі. Уладальніца 27 гран-пры розных конкурсаў адзначыла, што самым запамінальным для яе стаў праект "Голас. Дзеці". Не выключана, што яго цяпер перасягне "Славянскі базар".

Музычную барацьбу на 20-м дзіцячым конкурсе вядуць 15 юных зорачак. Экспертную ацэнку іх выступленняў дае прафесійнае журы. У гэтым годзе яго ўзначаліў народны артыст Беларусі Васіль Раінчык. Ён жа быў старшынёй першага дзіцячага конкурсу на віцебскім фестывалі. Сёння кампазітар паставіў усім удзельнікам вышэйшы бал. "Узровень конкурсу вельмі высокі, - растлумачыў свой выбар адзнак Васіль Раінчык. - Выходзіць дзіця на сцэну з надзеяй у вачах. Што яму паставіць? Толькі вышэйшы бал. Яны ўсе знаходзяцца ў творчым пошуку. Можа, не ўсе з іх стануць артыстамі, але вось у гэты перыяд, пакуль яны выступаюць, яны расцвітаюць. Гэты вопыт ім вельмі спатрэбіцца".

Кампазітар адзначыў, што ўзроставы парог дзіцячага музычнага спаборніцтва на" Славянскім базары" практычна ўжо зраўнаваўся з дарослым, і некаторых удзельнікаў смела можна адпраўляць на конкурс маладых выканаўцаў. Старшыня міжнароднага журы звярнуў увагу і на афармленне сцэнічных нумароў: касцюмы, вобразы - усё прадумана да дробязей.

Бітва за прызавыя месцы і Гран-пры музычнага спаборніцтва прадоўжыцца заўтра, 14 ліпеня. Дзецям трэба будзе выканаць песні на ўласны выбар. Абодва конкурсныя дні гасцінна прымае канцэртная зала "Віцебск".

13 ліпеня 2022, Віцебск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/167/65746
Текущая дата: 09.10.2024