Белорусский портал в Казахстане

Рэмбрант, Ван Гог і Гольцыус: у Віцебску адкрылася выстава фламандскай і галандскай графікі



У Мастацкім музеі Віцебска прадставілі экспазіцыю з 145 графічных работ фламандскіх і галандскіх мастакоў XVI-XX стагоддзяў.

Выстава можа стаць для гледача падарожжам не толькі ў іншыя краіны, але і эпохі. Мастацтва, якое выходзіла за строгія межы традыцый, майстры, якія нават у манахромным малюнку ўмелі працаваць са святлом, смеласць у адлюстраванні рэалістычных форм - усё гэта расказваюць карціны, прадстаўленыя ў Мастацкім музеі. Вытанчаная, узвышаная, напісаная на біблейскія сюжэты графіка фламандскіх майстроў, якая лічыцца своеасаблівым барока ў жывапісе, і звычайная, бытавая галандская школа графікі, якая не грэбуе рэалізмам, паўстала перад віцебскім гледачом.

Выставу "Галандцы. Фламандцы. Графіка" прывёз у фестывальную сталіцу прыватны калекцыянер з Пецярбурга Арцём Суслаў. Яна ўключае гравюры Галандыі і Фландрыі (цяпер гэта Нідэрланды і Бельгія), самыя раннія з якіх датуюцца 1570 годам, а найбольш познія - пачаткам ХХ стагоддзя. У гасцей фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з`явілася магчымасць убачыць працы Антоніса ван Дэйка, Хендрыка Гольцыуса, Давіда-малодшага Тэнірса, Рэмбранта, Ван Гога і іншых майстроў. Сярод прадстаўленых гравюр ёсць арыгінал Ван Дэйка, дзве работы Рэмбранта і дзве - Тэнірса-малодшага. Таксама тут можна знайсці гравюры і геліягравюры XIX стагоддзя, некаторыя з іх былі выраблены ў Санкт-Пецярбургу на заказ імператарскага Эрмітажа, а асобныя работы - у Францыі ў 1880-я гады.

Выстава застанецца ў Віцебску да 23 жніўня.

13 ліпеня 2022, Віцебск
Алеся Пушнякова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/167/65759
Текущая дата: 09.10.2024