Белорусский портал в Казахстане

У кнізе "Генацыд беларускага народа" змешчана адзіная і абсалютная праўда



Аб гэтым заявіў намеснік начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генпракуратуры Сяргей Шыкунец падчас прэс-канферэнцыі "Аб генацыдзе беларускага народа", прысвечанай Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

"Ужо больш за год органамі пракуратуры Рэспублікі Беларусь прадаўжаецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. За мінулы перыяд расследавання праведзены вялікі аб`ём работы як у частцы правядзення працэсуальных дзеянняў, так і інфармацыйнай работы", - сказаў Сяргей Шыкунец.

У рамках расследавання крымінальнай справы на сённяшні дзень дапытаны больш за 14,5 тыс. сведак, большая частка з якіх - былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў, дадаў ён. "Праведзены тысячы аглядаў, у тым ліку месцаў здарэнняў. Намі ўстаноўлена больш за 500 раней невядомых месцаў масавага знішчэння грамадзян. З моманту пачатку расследавання істотна папоўніўся спіс населеных пунктаў і вёсак, якія былі знішчаны ў гады акупацыі".

Намеснік начальніка адзначыў, што сур`ёзную дапамогу ў расследаванні справы аказваюць прадстаўнікі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Міністэрства абароны, а таксама гісторыкі і работнікі архіва. "Без іх дапамогі, безумоўна, мы не справіліся б з такім вялікім пластом інфармацыі, якая падлягала вывучэнню, аднаўленню і аналізу", - падкрэсліў Сяргей Шыкунец.

Вынікі расследавання крымінальнай справы пакладзены ў аснову стварэння кнігі "Генацыд беларускага народа" пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь доктара юрыдычных навук Андрэя Шведа.

"У гэтай кнізе змешчана тая адзіная, абсалютная праўда, заснаваная на матэрыялах крымінальнай справы, на аналізе існуючых архіўных дакументаў. Кніга разлічана на масавага чытача, падрыхтавана даступнай, лёгкай мовай. Існуюць раздзелы па абласцях, фотатабліцы з месцаў здарэнняў, рэальных раскопак месцаў прымусовага масавага знішчэння грамадзян", - дадаў намеснік начальніка ўпраўлення.

У кнізе падабраны матэрыялы, якія дэманструюць сапраўдныя планы нацысцкай Германіі па знішчэнні і прыгнёце беларускага народа. Прыведзены даныя аб фактах масавага знішчэння насельніцтва БССР, у тым ліку канкрэтныя архіўныя дакументы, са зместам якіх можа азнаёміцца чытач.

Выданне ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, навуковых і музейных работнікаў, даследчыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, а таксама ўсіх грамадзян, якія цікавяцца гістарычнай спадчынай Беларусі.

20 чэрвеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/172/65503
Текущая дата: 09.10.2024