Белорусский портал в Казахстане

Беларускі народ ніколі не перапісваў гісторыю, праўда пра ВАВ для нас свяшчэнная



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка на пленарным пасяджэнні міжнароднай парламенцкай канферэнцыі "Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам".

"Праўда пра Вялікую Айчынную вайну для нас свяшчэнная. Беларускі народ захоўвае памяць пра ратны подзвіг савецкіх воінаў, мужнае супраціўленне партызан і падпольшчыкаў. Беларускі народ ніколі не перапісваў гісторыю, не ператвараў здраднікаў і катаў у герояў і ахвяр, мы не зносілі помнікі, манументы і магілы воінаў, загінулых за свабоду Радзімы, - сказаў Раман Галоўчанка. - Для недапушчэння нават спроб скажэння вынікаў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі афіцыйна прызнаны генацыд беларускага народа, учынены нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў ваенныя гады. Нацызм - гэта інструмент знішчэння нацыі праз разбурэнне яе традыцый і духоўнага здароўя, якія трымаюцца на фундаменце гістарычнай памяці. Менавіта да гэтага фундаменту ў 40-я гады мінулага стагоддзя і 20-я гэтага спрабаваў і спрабуе дабрацца Захад".

Прэм`ер-міністр адзначыў, 2022 год - асаблівы ў гісторыі беларускай дзяржавы.

"Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ён аб`яўлены Годам гістарычнай памяці. У дакуменце адзначана і мэта такога рашэння - фарміраванне аб`ектыўных адносін грамадства да гістарычнага мінулага, захаванне і ўмацаванне адзінства беларускага народа. У Беларусі, якая страціла ў Вялікай Айчыннай вайне кожнага трэцяга жыхара, выразна разумеюць, што Год гістарычнай памяці дае магчымасць грамадству, і асабліва моладзі, нанова ўсвядоміць тую цану, якую заплацілі беларусы за шматвяковае імкненне мірна жыць і працаваць на роднай зямлі", - падкрэсліў ён.

У працяг паслядоўнай палітыкі захавання праўды пра гераізм нашых продкаў, фармавання гісторыка-дзяржаўнага светапогляду, умацавання гісторыка-культурнай і духоўна-этнічнай супольнасці беларусаў утвораны Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

"У краіне распрацоўваюцца і рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы па ўвекавечанні загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў. Цяпер на дзяржаўным уліку ў Рэспубліцы Беларусь знаходзіцца каля 8 тыс. воінскіх пахаванняў, у якіх пахавана больш за 2 мільёны загінулых", - дадаў Раман Галоўчанка.

15 чэрвеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/173/65417
Текущая дата: 09.10.2024