Белорусский портал в Казахстане

У Чавускім раёне стартавала пошукавая экспедыцыя «Проня-22»



На дадзены момант у вахце задзейнічана каля 35 чалавек — байцы клуба «Віккру» і прадстаўнікі 52-га асобнага батальёна Мінабароны. Прафесіяналам дапамагаюць старшакласнікі з магілёўскай школы № 5 і чавускай № 2, а таксама Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа.

Дужаўка, Кузьмінічы — гэта тыя населеныя пункты раёна, каля якіх будуць весціся пошукі ў бліжэйшы час. Месца для раскопак выбіраецца не выпадкова, пошукам папярэднічае разведка. Каб знайсці зніклых падчас вайны без вестак салдат, «вікруўцы» па дзесяць разоў выязджаюць на абследаванне мясцовасці. А тут, па архіўных даных, ляжаць тысячы чырвонаармейцаў.

— Тут, на Проні, у 1943–1944 гадах дзевяць месяцаў стаяў фронт, шлі жорсткія баі, нашы рабілі па 10-12 атак за дзень, — расказвае кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Тут ваявалі 108, 238 і 369 стралковыя дывізіі. Апошняй камандаваў генерал-маёр Чырвонай Арміі Іван Лазарэнка, які пасмяротна атрымаў Героя Савецкага Саюза. Наогул усе тры дывізіі панеслі вельмі цяжкія страты. І зараз мы імкнёмся адшукаць гэтых байцоў.

«Чатырох байцоў ужо паднялі, але імёнаў пакуль няма, працуем далей», — голас бывалага пошукавіка Мікалая Барысенкі гучыць крыху стомлена, але аптымістычна. Байцы настроены па-баявому, а значыць, у тых, хто загінуў тут амаль 80 гадоў таму, ёсць шанец вярнуцца дамоў.

Нэлі Зігуля
Звязда, 31 траўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/176/65214
Текущая дата: 09.10.2024