Белорусский портал в Казахстане

Фестываль у Батанічным садзе прапануе дзецям паспрабаваць сябе ў 50 прафесіях



Фестываль «Букідс. Прафесіі» пройдзе ў Батанічным садзе Мінска 11 і 12 чэрвеня. Сямейнае летняе мерапрыемства чарговы раз прапануе дзецям паспрабаваць сябе ў розных прафесіях.

Сёлета малеча зможа стаць пажарнымі, артыстамі цырку, неанатолагамі і іншымі спецыялістамі ў больш як 50 прафесіях і атрымаць свой першы «заробак» у валюце — букідсах. Букідс прапануе наведвальнікам не толькі цікавыя спецыяльнасці, але і смачную фермерскую ежу, спартыўны гарадок, спектаклі і Дзіцячы маркет, дзе юныя бізнесмены змогуць атрымаць сапраўдныя грошы, гандлюючы сваімі падзелкамі ці дамашнім печывам.

Фестываль ужо палюбіўся мінчанам сваімі цікавымі прапановамі прафесій, таму сёлета яны будуць яшчэ больш цікавымі і незвычайнымі, дзякуючы партнёрам, абяцаюць арганізатары Букідс. Кампанія «Белакт», напрыклад, прапануе дзецям стаць неанатолагамі — урачамі для немаўлят. А страхавая марка «Стравіта» навучыць дзяцей быць бізнесменамі. Разам з гадзіннікавым заводам «Луч» малыя асвояць рамяство гадзіншчыка, а з кампаніяй Bambolina — стануць садаводамі.

На адных лакацыях «працаўладкаваўшыхся» навучаць весці стрым, танцаваць, працаваць з электраінструментам, жангліраваць, гатаваць... На другіх — дзеці прымераюць на сябе ролю запраўшчыка, самелье, барыста, атамшчыка, супрацоўніка ДАІ, ратавальніка, ветэрынара, пажарнага, ганчара, медыка... Прафесій настолькі шмат, што, як кажуць заўсёднікі фестывалю, за два дні іх ледзьве паспяваеш паспрабаваць усе. За кожны новы навык дзеці, дарэчы, атрымліваюць букудісы, якія можна абмяняць на творчыя прызы ад арганізатараў фестывалю.

А тым, хто хоча рэальна папрацаваць гандляром на Дзіцячым маркеце і прадаваць падзелкі, печыва, цацкі, кнігі і іншыя карысныя рэчы, трэба загадзя паклапаціцца, каб уступіць у бізнес-школу і даслаць заяўку на ўдзел на пошту bookids.press@gmail.com. 

Каб малыя не працавалі ўвесь час, на фестывалі прапануецца і адпачынак. Можна наведаць майстар-класы ад рамеснікаў у «Гарошак маркеце». Паглядзець спектакль у «Тэатры пад дрэвам». Наведаць рынак «Усё сваё» і пачаставацца натуральнымі фермерскімі прадуктамі і стравамі.

Ірына Сідарок
Звязда, 2 чэрвеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/176/65263
Текущая дата: 09.10.2024