Белорусский портал в Казахстане

БРСМ запусціў эстафету моладзі «Ганаруся роднымі сімваламі»



Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’явіў аб старце эстафеты «Ганаруся роднымі сімваламі», прысвечанай Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Беларусі.

Саюз моладзі прапануе беларусам размяшчаць Дзяржаўны сцяг у вокнах сваіх кватэр, на асабістых аўто, рабіць з ім фота і публікаваць у сацыяльных сетках пад хэштэгамі #роднаенароднае #любімуюнеаддаюць #знаюсвойфлаг #мойфлаг #мойсцяг #Беларусь.

«У адпаведнасці з артыкулам 19 Асноўнага закона Беларусі як суверэннай дзяржавы сімваламі нашай краіны з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Яны па праве сталі нацыянальнымі святынямі маладой незалежнай рэспублікі. Сёлета мы адзначым свята нацыянальных сімвалаў 8 мая, напярэдадні Дня Вялікай Перамогі. Свой уклад у калейдаскоп святочных мерапрыемстваў эстафетай „Ганаруся роднымі сімваламі“ пад слоганам „Роднае-народнае“ прыўнясе і наша маладзёжная арганізацыя. Мэта праекта — фарміраванне ў моладзі любові да Радзімы, павагі да яе гісторыі, беражлівых адносін да дзяржаўнай сімволікі», — рассказала афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ Алеся Сазанкова.

Мерапрыемствы эстафеты стартавалі ва ўсіх рэгіёнах краіны і пройдуць да 9 мая ўключна. «Да прыкладу, сёння ў горадзе над Бугам Брэсцкая абласная арганізацыя БРСМ падводзіць вынікі фотаконкурсу „Сцяг перамогі, радасці сцяг“. У праекце прынялі ўдзел больш за 500 творчых работ. У Віцебску 8 мая 77 актывістаў арганізацыі пранясуць сцяг краіны з плошчы Перамогі ад Вечнага агню мемарыяльнага комплексу „Вызваліцелям Віцебска — савецкім воінам і падпольшчыкам“ да плошчы Леніна, ускладаючы кветкі да мемарыялаў па шляху руху. У Гомелі на плошчы Леніна каля другога па велічыні флагштока Беларусі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння маладзёжных білетаў БРСМ, прыём у піянеры, — распавяла Алеся Сазанкова.— У сталіцы актыў БРСМ прыме ўдзел у свяце, арганізаваным на плошчы Дзяржаўнага сцяга.Такім чынам у гэты дзень БРСМ правядзе ў сацыяльных сетках тэматычны інтэрнэт-квіз для моладзі. Інтэлектуальная гульня будзе рэалізавана з дапамогай анлайн-сэрвісу. У цэнтральных пабліках БРСМ у сацыяльных сетках „УКантакце“, Instagram, Facebook, месенджары Telegram будзе размешчана спасылка на квіз. Удзельнікам трэба адказаць на пытанні гісторыі атрыбутаў, якія ўвасабляюць нацыянальную ідэю беларускай дзяржавы. Пераможца квіза атрымае ў падарунак брэндавыя нацыянальнай сімволікай сувеніры, а таксама Дзяржаўны сцяг».

Сяргей Расолька
Звязда, 6 траўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/182/64792
Текущая дата: 09.10.2024