Белорусский портал в Казахстане

Стаўленне беларусаў да Дня Перамогі ніколі не зменіцца



Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

"Калі беларус гаворыць: "Вайна", ён заўсёды мае на ўвазе менавіта гэту вайну і ніякую іншую. Таму што гэта калектыўная траўма для ўсіх. Думаю, што 9 Мая з намі будзе заўсёды, паколькі для нас гэта ў прамым сэнсе трыумф жыцця над смерцю. Гэта трэба разумець, - сказаў Ігар Марзалюк. - Не магу як прафесійны гісторык не акцэнтаваць увагу на тым, што менавіта нямецкі гісторык Крысціян Герлах у сваёй фундаментальнай манаграфіі, прысвечанай знішчэнню мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, апублікаванай у Германіі ў 1944 годзе, адзначыў: тое, што рабілі немцы на беларускай тэрыторыі, было мэтанакіраваным генацыдным злачынствам".

Дэпутат падкрэсліў: у Беларусі няма ні аднаго раёна, дзе б не было спаленых вёсак. "Стаўленне беларусаў да гэтага свята ніколі не зменіцца, - адзначыў ён. - У адзін голас і нямецкія, і англійскія гісторыкі гавораць, што мы - самая антынацысцкая нацыя з усіх акупіраваных. Мы далі мінімальную колькасць калабарацыяністаў, тых, хто супрацоўнічаў з немцамі. Беларуская партызанская вайна не мае аналагаў у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па ахопе, колькасці і этнічным складзе".

У Ігара Марзалюка ваявалі два дзеды, чые расказы пра вайну для яго былі вельмі значнымі. "Для нас важна, каб белае заставалася белым, чорнае заставалася чорным. Нам нічога не трэба выдумляць, нам проста трэба гаварыць праўду", - дадаў ён.

6 мая 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/182/64799
Текущая дата: 09.10.2024