Белорусский портал в Казахстане

У навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа праходзіць выстава да 60-годдзя літаратуразнаўцы Івана Саверчанкі



У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дэманструецца выстава «Да 60-годдзя з дня нараджэння І.В.Саверчанкі доктара філалагічных навук, літаратуразнаўца, прафесара».

Іван Саверчанка — вядомы беларускі літаратуразнавец, даследуе гісторыю і тэорыю літаратуры, гісторыю і філасофскую думку Беларусі, культурнае ўзаемадзеянне еўрапейскіх народаў перыяду Рэнесансу, Рэфармацыі і барока, а таксама праблемы дзяржаўнасці і адукацыі. 

На выставе дэманструюцца асноўныя працы Івана Саверчанкі, сярод якіх манаграфіі, шматлікія навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, пераклады за перыяд з 1988 да 2021 года.

Асноўныя вынікі даследаванняў кніжна-пісьмовай культуры і інтэлектуальнай думкі Беларусі апублікаваны ў наступных манаграфіях навукоўца: «Сымон Будны — гуманіст і рэфарматар» (1993), «Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока» (1998), «Паэтыка і семіётыка публіцыстычнай літаратуры Беларусі XVI-XVII стст.» (2012) і інш., а таксама ў калектыўных працах, дапаможніках, навуковых зборніках, тэксталагічных выданнях. Дзякуючы плённай працы І. В. Саверчанкі, знойдзенныя ім некаторыя помнікі старажытнай паэзіі (панегірычныя вершы, эпіграмы на гербы і літаратурныя плачы) апублікаваныя і ўведзеныя ў навуковы зварот.

Значная частка публікацый даследчыка прысвечана асэнсаванню ролі буйных гістарычных асобаў, такіх як Леў Сапега, Астафей Валовіч, Язэп Вельямін-Руцкі і інш. Кнігі і артыкулы гісторыка-біяграфічных нарысаў пра знакамітых і выдатных дзеячоў гісторыі і культуры таксама дэманструюцца на выставе.

Пяру І.В.Саверчанкі належаць і літаратурна-мастацкія творы, гістарычныя эсэ і аповесці, якія створаны на падставе шматгадовых даследаванняў і вывучэння архіўных крыніц. Чытачам будзе цікава пазнаёміцца з наступнымі выданнямі: «Блеск короны» (2014), «Магія слова: беларускія пісьменнікі XII–XVII стагоддзяў» (2019), «Трон: легенда, повесть, мистерия» (2019).

Выстава працуе да 22 красавіка.

Актуальнае інтэрв’ю «Іван Саверчанка: Вярнуць гістарычную свядомасць без мастацкай літаратуры немагчыма» можна прачытаць на сайце Выдавецкага дома «Звязда» па спасылцы.

Звязда, 5 красавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/188/64428
Текущая дата: 09.10.2024