Белорусский портал в Казахстане

Мінчанам прапануюць на 60 хвілін адмовіцца ад электрычнасці дзеля прыроды



Акцыя «Гадзіна Зямлі» пройдзе 26 сакавіка з 20:30 да 21:30, паведамляе Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— «Гадзіна Зямлі» — міжнародная акцыя. Сусветны фонд дзікай прыроды заклікае выключыць святло і бытавыя электрапрыборы на адну гадзіну ў знак неабыякавасці да будучыні планеты. У гэты ж час згасае падсвятленне самых вядомых будынкаў і помнікаў свету. Сёлета акцыя пройдзе ў Беларусі ўжо 14-ты раз. Мэта «Гадзіны Зямлі» не ў тым, каб сэканоміць электрычнасць. Дадзеная акцыя — сімвал беражлівых адносін да прыроды. З года ў год мерапрыемства дазваляе прыцягнуць увагу да неабходнасці адказных адносін да навакольнага асяроддзя, — нагадалі спецыялісты.

Адключаючы святло ці бытавыя прыборы на 1 гадзіну, людзі нагадваюць сабе і навакольным аб тым, што можна ўсяго толькі змяніць свае штодзённыя звычкі, а ў выніку скараціць нагрузку на экалогію. Беражлівы выдатак электрычнасці, апалы, воды, паўторнае выкарыстанне паперы, пластыка і іншых матэрыялаў прыводзіць да скарачэння выкідаў парніковых газаў.

Сёння «Гадзіна Зямлі» — самая масавая экалагічная акцыя на планеце, і Беларусь не застаецца ўбаку. У сталіцы традыцыйна адключаюцца падсветка такіх знакавых аб’ектаў, як Нацыянальная бібліятэка, Вялікі тэатр оперы і балета, Беларуская дзяржаўная філармонія, мастацкі музей, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама агні на будынках ЦУМа, гандлёвага цэнтра «Сталіца», гасцініцы «Беларусь».

Сталічныя эколагі заклікаюць усіх неабыякавых узяць удзел у «Гадзіне Зямлі» і адключыць святло і электрапрыборы 26 сакавіка на 1 гадзіну. Паколькі гэта абсалютна добраахвотная акцыя, людзі самі вырашаюць, колькі і якія электрычныя прыборы яны выключаць. Арганізатары акцыі ў мэтах бяспекі не рэкамендуюць адключаць вулічнае асвятленне, аэранавігацыйныя агні і святлафоры.

Звязда, 14 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/196/64113
Текущая дата: 09.10.2024