Белорусский портал в Казахстане

Жыхарам Украіны перададзена 300 гуманітарных грузаў ад неабыякавых гамельчан



Такую інфармацыю агучыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко пры наведванні памежнай тэрыторыі ў Брагінскім раёне.

Губернатар асабіста даведаўся, як ідзе сітуацыя на памежжы. Ён ацаніў працу пункта абагрэву Беларускага Чырвонага Крыжа для грамадзян, якія прыбываюць з Украіны, а таксама пабываў у пункце пропуску на беларуска-украінскай мяжы.

Ля дарогі ў вёсцы Гдзень сабраліся больш за дзясятак чалавек. Жыхарка Камарына Кацярына Міхайлаўна перажывае за сваіх родных. Брат пенсіянеркі жыве ў Чарнігаве, з ім няма сувязі. Сястра — у Славуцічы. Няма элементарнага: прадуктаў, медыкаментаў.

У многіх родныя людзі засталіся па іншы бок мяжы. Вяскоўцы з Гдэні і Камарына і самі гатовыя дапамагчы чым могуць, прыняць тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Аднак, па словах вяскоўцаў, пашкоджаны мост праз раку, няма магчымасці пераправы. У абыход — больш за сотню кіламетраў. І гэта непасільны пешаходам, тым больш састарэлым, адлегласць.

«Дапамажыце хоць як-небудзь. Можа, хоць валанцёры даставяць прадукты. Хацелася б, каб і самі людзі маглі сюды дабрацца», — прасілі жыхары Брагінскага раёна.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама пераконвае: беларускі бок гатовы дапамагчы ўсім неабходным на сваёй тэрыторыі.

Неабыякавыя людзі з гатоўнасцю адгукаюцца на бяду суседзяў. Яны збіраюць і прывозяць гуманітарную дапамогу: прадукты, ваду, гігіену.

«Ужо 300 такіх грузаў пераправілі. Сітуацыя нестандартная, таму знятыя абмежаванні па вазе. Галоўнае, каб хтосьці з таго боку змог падысці і забраць гэтую дапамогу», — растлумачыў старшыня аблвыканкама.

Іван Крупко растлумачыў, што дапамагчы менавіта на тэрыторыі Украіны беларускі бок не можа. «І валанцёраў адправіць таксама не можам — мы нясём адказнасць за жыццё нашых людзей. Адносна прыезду ўкраінскіх грамадзян або вяртання нашых грамадзян у Беларусь адзіны на дадзены момант варыянт — толькі па гуманітарных калідорах, дзе бяспеку забяспечваюць расійскія вайскоўцы», — сказаў ён.

Дарэчы, у суправаджэнні расійскіх ваенных прыбывае нямала грамадзян. Усе без выключэння дзякуюць іх за падтрымку, сухпаек.

Звязда, 13 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/197/63972
Текущая дата: 10.10.2024