Белорусский портал в Казахстане

Абноўленую экспазіцыю пра генацыд мясцовага насельніцтва ў гады ВАВ прэзентавалі ў Івацэвічах



У Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі прэзентавалі абноўленую экспазіцыю аб генацыдзе мясцовага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе дырэктар музея Раіса Горбач.

«Мы правялі рээкспазіцыю часткі выставы, дапоўніўшы яе матэрыяламі па крымінальнай справе аб фактах генацыду беларускага народа ў гады вайны і ў пасляваенны перыяд. Цяпер яна называецца «Вялікая Айчынная вайна. Генацыд беларускага народа. Злачынствы супраць жыцця». Мы зрабілі акцэнт на фактах нашага раёна. Атрымалася вельмі цікавая экспазіцыя», — адзначыла дырэктар музея.

У экспазіцыі музея – карта з указаннем усіх спаленых у раёне вёсак, гістарычныя фатаграфіі і дакументы, у тым ліку з матэрыялаў крымінальнай справы аб генацыдзе, карціны, кнігі, прадметы грамадзянскага і ваеннага побыту. У асноўным экспазіцыю дапоўнілі матэрыялы, перададзеныя Пракуратурай Івацэвіцкага раёна і Следчым камітэтам. Гэта ўспаміны сведкаў, пратаколы апытанняў і допытаў, фота-  і архіўныя дакументы.

«Напрыклад, з’явіўся пратакол апытання сведкі, які распавёў, як спальвалі вёску Вяда. У нас у музеі гэтага дакумента раней не было. Узмацнілі экспазіцыю і прадметы, перададзеныя нам краязнаўцам Веніямінам Бычкоўскім, якія былі знойдзеныя на месцы знішчанай вёскі. Акрамя таго, у ходзе расследавання ў Івацэвіцкім раёне ўстаноўлена адно няўлічанае месца пахавання, якое ўключана ў план пошукавых работ і раскопак на вясну гэтага года», — распавяла Раіса Горбач.

У прэзентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, пракуратуры, ваенкамата, навучэнцы гарадскіх школ і ліцэя. «Гэта фотадакументальны дадатак выставы вельмі важны і патрэбны, асабліва ў святле апошніх падзей. Цяпер у інтэрнэце шмат усяго можна знайсці, але тое, што знаходзіцца ў музеі, прапускаеш праз сваё сэрца. Яно не можа не крануць. Я думаю, мы працягнем реэкспозицию за кошт новых прадметаў і фактаў, якія будуць ускрывацца у ходзе расследавання», — падагульніла дырэктар музея.

Звязда, 7 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/199/63846
Текущая дата: 10.10.2024